Міліцыянты стралялі па мінчуку, які ішоў на іх з нажамі
Нож, ілюстрацыйнае фота
У Мінску міліцыянты ўжывалі зброю супраць жыхара аднаго з шматкватэрных дамоў.
Як расказвае прэс-служба міліцыі, на лінію "102" паведамілі, што ў кватэры дома па вуліцы Халмагорскай мужчына прыйшоў у госці, пачаў скандаліць, ламаць дзверы і кідацца на дзяўчыну.
Прыбыўшы на выклік, міліцыянты пабачылі чалавека з двума нажамі. Яны запатрабавалі супакоіцца і кінуць зброю на падлогу. Паводле міліцыі, мужчына праігнараваў неаднаразовыя патрабаванні і пайшоў да іх, размахваючы нажамі. "Супрацоўнікі папярэдзілі пра ўжыванне табельнай зброі, аднак апошні працягнуў рух. Міліцыянт зрабіў стрэлы па нагах", — апісвае прэс-служба сталічнай міліцыі.
Пасля гэтага мужчыну аказалі першую дапамогу і перадалі медыкам.
Паведамляецца, што гэта 31-гадовы мінчанін, які раней быў неаднаразова судзімы, у тым ліку за хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў. Таксама ён трапляў пад адміністрацыйную адказнасць за з'яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.