У Мінску пачалася сустрэча па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу (відэа)
У беларускай сталіцы сабралася кантактная група з прадстаўнікоў Украіны, Расіі, АБСЕ і самаабвешчаных рэспублік "ЛНР" і "ДНР".
Апошнюю прадстаўляе Андрэй Пургін (на здымку знізу), які называе сябе "віцэ-прэм'ерам" "Данецкай народнай рэспублікі". Нагадаем, Пургін удзельнічаў і ў папярэднім паседжанні кантактнай групы ў Мінску, якое прайшло 31 ліпеня. Ад так званай "Луганскай народнай рэспублікі" ў беларускую сталіцу паехаў Аляксей Каракін, "спікер вярхоўнага савета".
Як паведамляе РІА "Новости", прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік патрабуюць ад Кіева абвесціць амністыю "палітзняволеных і ўдзельнікаў народнага апалчэння, а таксама палітычных дзеячоў, дэпутатаў, работнікаў урадаў і іншых структур народных рэспублік". Яны запатрабавалі таксама гарантаваць іх "рэспублікам" асаблівы парадак знешнеэканамічнай дзейнасці "з улікам неабходнасці інтэграцыі з Расіяй і Мытным саюзам".
У абмен на выкананне іх патрабаванняў, прадстаўнікі "ДНР" і "ЛНР" абяцаюць прыкласці "максімум высілкаў для захавання адзінай прасторы Украіны".
Фота — Reuters, БЕЛТА