У Мінску пачаўся суд над хлопцам, якога 9 жніўня каля Стэлы збіў аўтазак

У Мінску пачаўся суд над хлопцам, якога 9 жніўня каля Стэлы збіў аўтазак

Суд Цэнтральнага раёна сталіцы пачаў разгляд крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі. Абвінавачаны — Ягор Сугойдзь, той самы хлопец, якога 9 жніўня ў раёне Стэлы збіў аўтазак і якога нейкі час нават лічылі загінулым. 

Як піша TUT.by, пасля здарэння мінчук трапіў з траўмамі ў лякарню, а потым яго ўзялі пад варту. У турме ён сустрэў свой 31-ы дзень нараджэння — у снежні 2020-га.

Хлопцу пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Абараняе абвінавачанага адвакат Дзмітрый Лазавік.

Па словах дзяржабвінаваўцы, 9 жніўня каля 20:00−23:00 Сугойдзь у нецвярозым стане актыўна ўдзельнічаў у групавых несанкцыянаваных масавых дзеяннях. Удзельнікі ішлі па пешаходнай і праезнай частках дарогі, маючы пры сабе плакаты, транспаранты, Сцягі.

Сугойдзь, па словах пракурора, выйшаў на праезную частку вуліцы і заскочыў на МАЗ па канваіраванні. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя следствам па ч. 1 арт. 342 КК (масавыя беспарадкі). 

Сам абвінавачаны віну прызнаў часткова: на мітынгу быў, а з тым, што скакаў на МАЗ, — не пагадзіўся.

Як распавядалі журналістам відавочцы падзеяў 9 жніўня, аўтазак пад'ехаў да пратэстоўцаў са спіны, калі яны стаялі тварам да Стэлы. Машына спярша крыху прытармазіла, а потым газанула і паехала на людзей. Пры гэтым кіроўца не падаваў ніякіх папераджальных сігналаў. Момант здарэння трапіў на відэа.

На наступны дзень, 10 жніўня, тагачасны міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік расказаў, быццам на адзін са спецаўтамабіляў МУС спрабаваў заскочыць 35-гадовы мінчук, але сарваўся. Яго даставілі ў Бальніцу хуткай меддапамогі з закрытай ЧМТ лёгкай ступені, страсеннем галаўнога мозгу, ударам ніжняй губы, алкагольным ап'яненнем (2,31 праміле ў крыві). 

Праз месяц, 9 верасня, МУС апублікавала сваё відэа, дзе мужчына распавядаў пра інцыдэнт з аўтазакам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі