У Мінску пакуль не каментуюць выказванне міністра замежных спраў Украіны
У Мінску пакуль не каментуюць выказванне міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна. У інтэрв’ю “Укрінфарму” ён заявіў, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць расійскія спецслужбы, прыгадаў гісторыю з выкраданнем украінца Паўла Грыба, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА ў Расіі. “Кожная краіна мусіць кантраляваць тое, што адбываецца на яе тэрыторыі — гэта аснова суверэнітэта”, — заявіў Клімкін. Ён таксама адзначыў, што ўкраінскія грамадзяне не могуць сябе адчуваць у бяспецы на беларускай тэрыторыі.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, сказаў, што паспеў толькі праглядзець інтэрв’ю міністра замежных спраў Украіны. Каб каментаваць, трэба больш уважліва яго прачытаць. Тым больш, што Клімкін зрабіў шмат сур’ёзных выказванняў — і наконт біаметрыі на мяжы, і наконт сітуацыі з грамадзянінам Украіны Паўлам Грыбам, закрануў тэму вычэнняў "Захад-2017" і тэму беларускага суверэнітэту, кажа Мірончык.
"На дадзены момант усё, што тычыцца беларускага эпізоду справы Паўла Грыба — гэта інфармацыя СМІ. Каб рабіць нейкія адказныя заявы, а тым больш — нейкія крокі, трэба мець афіцыйную, дакладную інфармацыю з праваахоўных органаў. У МЗС Беларусі зараз такой інфармацыі няма. Але, наколькі мне вядома, беларускія праваахоўныя органы працягваюць працаваць па гэтым пытанні. Будзе яснасць — будуць і наступныя дзеянні з нашага боку", — заявіў Дзмітрый Мірончык у адказ на пытанне Еўрарадыё пра гісторыю са знікненнем з Гомеля Паўла Грыба.
Прадстаўнік МЗС Беларусі сказаў, што са словамі Паўла Клімкіна наконт суверэнітэту Беларусі“асабліва цікава было азнаёміцца на фоне шоў на ўкраінскай мяжы. За якім назіралі прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў”. Відаць, Дзмітрый Мірончык мае на ўвазе “прарыў” праз мяжу з Польшчы ва Украіну Міхаіла Саакашвілі.