У "СБ" не разумеюць, як TUT.by падтрымлівае высокія рэйтынгі. Суд над Золатавай
У зале суда
У будынку суда Маскоўскага раёна Мінска суд Заводскага раёна працягвае разгляд справы ў дачыненні да галоўнага рэдактара TUT.by Марыны Золатавай. Гэтая справа больш вядомая як "справа БЕЛТА", Золатаву абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы — ч.2 арт. 425 КК.
На папярэдніх пасяджэннях было агучанае абвінавачванне, а таксама дапытаныя сведкі. Сярод іх супрацоўнікі БЕЛТА, у тым ліку генеральны дырэктар агенцтва Ірына Акуловіч, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, галоўны рэдактар "СБ. Беларусь Сегодня" Дзмітрый Жук, гендырэктар ЗАТ "БелКП-Прэс" — выдавец беларускай "Камсамолкі" — Наталля Галезнік. На пасяджэнні 14 лютага ў якасці сведак выступілі гендырэктар ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫА" Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар Realt.by Уладзіслаў Кулецкі і рэдактар аддзела "Грамадства" партала TUT.BY Ульяна Бабаед.
На пасяджэнні 15 лютага ў судзе працягваюцца допыты супрацоўнікаў TUT.by.
"Справа БЕЛТА" распачалася 7 жніўня 2018 года каля 09:20 раніцы з затрыманняў журналістаў і рэдактараў некалькіх СМІ, а таксама вобшукаў у іх кватэрах. Следчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальную справу па ч.2 ст.349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды). Як стала вядома пазней, пад "несанкцыянаваным доступам" следчыя мелі на ўвазе той факт, што рэдактары і журналісты чыталі платныя навіны дзяржаўнага інфармагенцтва па закрытай падпісцы БЕЛТА пад чужым паролем.
"Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "Тутбай Медыя". Сёння па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактар TUT.BY Ганна Калтыгіна, журналіст БелаПАН Таццяна Каравянкова", —пісаў Следчы камітэт.
У лістападзе журналістам ды рэдактарам былі прад'яўленыя абвінавачванні па ч.2 ст.349, а галоўнаму рэдактару TUT.BY Марыне Золатавай — па ч.2 арт.425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы).
Пасля крымінальны пераслед у дачыненні да 14 фігурантаў быў спынены — яны заплацілі шкоду дзяржаве ў памеры ад 3000 да 17 000, а таксама штрафы. Так адзінай фігуранткай "справы БЕЛТА" засталася толькі Марына Золатава. Следчы камітэт двойчы адмовіў ёй у хадайніцтве аб спыненні крымінальнага пераследу.