У Мінску пракаментавалі рашэнне Украіны зрабіць больш жорсткім кантроль на мяжы
У Мінску пракаментавалі рашэнне Украіны зрабіць больш жорсткім кантроль на мяжы. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заявіў, што сітуацыя адсочваецца. “На дадзены момант афіцыйна ўкраінскія партнёры нам ні аб чым не паведамлялі, — цытуе словы Мірончыка сайт sb.by. — Але мы зыходзім з таго, што адпаведная інфармацыя паступіць загадзя. Абмен такой інфармацыяй прадугледжаны двухбаковым пагадненнем аб бязвізавых паездках”.
Дзмітрый Мірончык звярнуў увагу на тое, што дзяржаўныя органы Украіны атрымалі на рэалізацыю рашэння 2-3 месяцы, а значыць час яшчэ ёсць. “Чакаем афіцыйнага паведамлення і пры неабходнасці будзем абмяркоўваць з украінскім бокам пытанні, каб пазбегнуць узнікнення праблем у грамадзян дзвюх краін пры перасячэнні нашай агульнай мяжы”, — сказаў прэс-сакратар.
Як паведамляла Еўрарадыё, 1 верасня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ, якім увёў у дзеянне ранейшае рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны. Уводзіцца больш жорсткі кантроль за ўездам і выездам замежнікаў. Будзе складзены спіс краін, грамадзяне якіх змогуць уехаць на ўкраінскую тэрыторыю толькі з біяметрычнымі пашпартамі (альбо іх біяметрычныя дадзеныя зафіксуюць на мяжы). Таксама перад паездкай украінскі бок трэба будзе загадзя праінфармаваць пра такія планы. Ці закране новаўвядзенне беларусаў, пакуль невядома.