У Мінску Пуцін гаварыў пра пагрозу ідэй нацызму
У сераду расійскі прэзідэнт разам з Аляксандрам Лукашэнкам наведаў новы будынак музея Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай сталіцы.
У сваёй прамове Уладзімір Пуцін заявіў, што слаўныя традыцыі братэрства, узаемадапамогі і згуртаванасці, праяўленыя падчас вайны, павінныя і далей служыць надзейнай асновай для развіцця расійска-беларускіх саюзных адносінаў. Ён выказаў упэўненасць, што экспазіцыя музея будзе садзейнічаць выхаванню маладога пакалення, якое павіннае арыентавацца "на сапраўдных герояў, якія абаранялі сваю Радзіму, адстойвалі свабоду і незалежнасць".
Як інфармуе РІА "Новости", Пуцін таксама сказаў, што вельмі важна выхоўваць у моладзі "катэгарычнае непрыманне саміх ідэй нацызму, каб ён больш нідзе і ніколі не падняў галаву".