У Мінску расце недахоп медработнікаў — за месяц вакансій стала яшчэ больш
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года многія мінскія медыкі адкрыта выступілі супраць гвалту / Еўрарадыё
Колькасць адкрытых вакансій медработнікаў у Мінску працягвае расці. На пачатак снежня ў медустановах сталіцы не хапала каля тысячы медсясцёр і больш за 800 дактароў. Гэта вынікае з дадзеных камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама.
Прычым колькасць прапаноў ад наймальнікаў для медсясцёр вырасла на 17%, а для дактароў-спецыялістаў — на 11%. На 1 снежня ў іх быў выбар з 997 і 835 вакансій адпаведна.
У кастрычніку і верасні колькасць прапаноў для медыкаў таксама расла.
Пры гэтым сёлета ў медыя неаднаразова з'яўляліся гісторыі дактароў, якіх звальнялі за палітыку. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй нарадзе, прысвечанай санкцыям супраць Беларусі, асобна даручыў "разабрацца" з кіраўнікамі медустаноў.
"Занадта шмат у нас кіраўнікоў, якія займаюць антыдзяржаўную пазіцыю. І што здзіўляе мяне, гэта больш за ўсё ў Мінску — кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя", — заявіў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.