У Мінску забаранілі афішы расійскага гурта “Слот”
Мінгарвыканкам лічыць, што змешчаная на плакаце шасціпалая рука парушае закон “Аб рэкламе”.
Пра гэта піша афіцыйны сайт “Слота”:
“Чыноўнік заявіла, што выява шасці пальцаў парушае правы вернікаў і людзей з фізічнымі адхіленнямі, паколькі ў некаторых людзей няма і пяці пальцаў. У сувязі з гэтым на афішы павінна быць менавіта пяць пальцаў, як у нармальнага чалавека”.
Са спасылкай на 26-ы артыкул закона “Аб рэкламе” арганізатарам канцэрта абвешчана, што афіша “змяшчае бачную інфармацыю, якая парушае агульнапрынятыя нормы маралі і маральнасці, парушае рэлігійныя і сацыяльныя перакананні грамадзянаў”. Якія менавіта “рэлігійныя перакананні” ці “нормы маралі” парушае намаляваная шасціпалая рука, растлумачана не было.
Каб не раздзімаць скандал, гурт у тэрміновым парадку падаў для ўзгаднення новы праект афішы, адаптаваны да патрабаванняў мясцовага заканадаўства:
Раней у Мінску афішы забаранялі, у асноўным, за “агалёнку”. Напрыклад, у 2004 годзе не пашанцавала “Фабрыцы зорак”. А ў 2009 годзе па-за законам былі абвешчаныя аголеныя хлопчыкі з “На-На”.
Дарэчы, пра тое, што рука з шасцю пальцамі ніяк не абражае пачуцці вернікаў, сведчыць хаця б адна з самых вядомых карцін на рэлігійную тэму — “Сікстынская Мадона” Рафаэля. У выяўленага на ёй чалавека побач з Мадонай таксама шэсць пальцаў!