У Мінску заявілі, што на мяжы з Латвіяй захоўваецца напружанасць
Зайшлі на беларускую тэрыторыю на два метры, прайшлі ўздоўж мяжы, пасля чаго вярнуліся / Кадр з відэа
У Мінску заявілі, што на мяжы з Латвіяй захоўваецца напружанасць. Дзяржаўны памежны камітэт РБ у сераду заявіў пра парушэнне мяжы двума невядомымі ў вайсковай форме. Здарэнне адбылося 30 жніўня ў пункце пропуску Грыгароўшчына (з латвійскага боку — Патэрніекі). Беларускія памежнікі мяркуюць, што гэта былі ўзброеныя латвійскія сілавікі, якія зайшлі на беларускую тэрыторыю на два метры, прайшлі ўздоўж мяжы, пасля чаго вярнуліся. Гэта трапіла на відэа.
Дзяржаўны памежны камітэт РБ паведаміў пра здарэнне латвійскім памежнікам. Яны пакуль яго ніяк не пракаментавалі.
Латвія ўдзельнічае ў кансультацыях з Літвой і Польшчай наконт магчымага закрыцця межаў з Беларуссю. Днямі былі агучаны ўмовы, пры якіх гэта можа стаць рэальнасцю: узброены інцыдэнт ці інцыдэнты на мяжы адной з краін, якія будуць уяўляць сабой "сур'ёзную пагрозу нацбяспецы" і арганізаваны масавы прарыў мігрантаў. Польшча ж патрабуе ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, каб ПВК "Вагнер" неадкладна пакінула тэрыторыю Беларусі і каб неадкладна пакінулі памежную зону мігранты, "сабраныя там беларускімі службамі".
Рэжым Лукашэнкі абвяргае сваё дачыненне да міграцыйнага крызісу на межах з краінамі ЕС, нягледзячы на наяўнасць доказаў.
Вясной беларускія памежнікі заходзілі на тэрыторыю Літвы спачатку на метр, а пасля на два метры. Вільня тады ўручыла Мінску ноту ў сувязі з "сістэматычным парушэннем" мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.