У Мінску здымаюць жыллё за 7000 долараў у месяц

Самая дарагая кватэра, рэалізаваная за апошнія месяцы агенцтвам “Молисон”, якое спецыялізуецца на элітным жыллі, знаходзіцца ва Уруччы ў Мінску. Каштавала яна 299 тысяч долараў і была цалкам абсталяваная, у тым ліку, рознай тэхнікай, рамонт у ёй рабілі замежныя спецыялісты і выключна з выкарыстаннем еўрапейскіх матэрыялаў.

“Натуральна, што такія кватэры не прадаюцца як гарачыя піражкі, — распавядаюць ў агенцтве. — Яна абавязкова прадасца, але мусіць дачакацца свайго пакупніка. З моманту з’яўлення кватэры на рынку да продажу праходзіць мінімум паўгода. Справа ў тым, што большасць людзей робіць гэтыя кватэры пад сябе. То бок рамонт зроблены выдатна, усё выглядае шыкоўна, але пакупнік не адчувае гэты інтэр’ер сваім. Калі чалавек плаціць вялікія грошы, то яму хочацца, каб ён адчуваў, што гэтая кватэра, так бы мовіць, ва ўсім яго. А кошты такіх пакупнікоў звычайна мала цікавяць, нават спрабаваць скінуць цану, хутчэй за ўсё, не будуць”.

Інтэр’ер VIP-кватэр у цэнтры Мінска, якія выстаўленыя на продаж, вельмі багаты, знайсці можна на любы густ, нават неверагодныя і незвычайныя дызайнерскія рашэнні. Каштуюць такія кватэры ад 180 тысяч долараў і вышэй, у залежнасці ад месцазнаходжання, колькасці пакояў і, натуральна, рамонту. Самая дарагая кватэра “пад ключ”, якую мы здолелі знайсці, каштуе 620 тысяч. Гэта чатыры пакоі на плошчы Перамогі, з дзвюма прыбіральнямі, паркоўкай і аленевымі рагамі на сцяне.

Кватэра за 620 тыс. на плошчы Перамогі

Жылля, кошт якога перавышае мільён долараў агенцтва “Молисон” пакуль не прадавала, але мае кліента, які здымае кватэру на Нямізе за 7 тысяч долараў у месяц!!!

Дарэчы, знакаміты элітны дом “Ля Траецкага”, які быў пабудаваны ў 2012 годзе, дагэтуль прадае прыкладна палову апартаментаў. Самыя дарагія двухузроўневыя кватэры там каштуюць амаль 800 тысяч долараў. Прадаюцца яны без фінальнага рамонту, што, па словах кампаніі “Трайпл”, тлумачыць адсутнасць свету ў вокнах дома па вечарах. Маўляў, пакупнікі пакуль там не жывуць, а толькі займаюцца інтэр’ерам.

"Ля Траецкага". Чырвоным пазначаныя прададзеныя кватэры, зялёным - вольныя

“На кватэры ў “Парусе” попыт увесь час быў аднолькавы, але апошнім часам ён крыху павялічыўся, — каментуюць у кампаніі-забудошчыку жылога комплекса па вуліцы М. Танка ў Мінску. — Дом на фінальнай стадыі, здаецца ў гэтым годзе і людзі жадаюць набыць кватэру яшчэ па коштах дома, што будуецца. Да таго ж, прыбралі ўжо агароджы і стала заўважна, што будаўніцтва амаль скончылася”.

Парус

Кватэры ў былым гатэльным комплексе “Кемпінскі”, якія таксама трапляюць ў катэгорыю элітнага жылля, пакуль не прадаюцца і нават прыблізных коштаў на іх назваць не могуць.

“Хутчэй за ўсё, мы будзем мяняць аператара, — каментуюць у кампаніі “Эліт Эстэйт”. — У нас шмат што ад яго залежыць: розныя характарыстыкі па аддзелцы і г.д. Таму пакуль усе гэтыя пытанні не вырашацца, мы да канца не ведаем, ні што прадаваць, ні па чым”.

Прычым, перш за ўсё попытам карыстаюцца самыя высокія паверхі: з іх вокнаў выдатны від на горад. Што праўда, і каштуюць яны значна даражэй за жыллё на першых паверхах. У выпадку, напрыклад, з “Парусам” квадратны метр кватэры на 5-9 паверсе таннейшы на 210 долараў за метр на 29-30-ым. Пры гэтым усе прадаўцы пераканаўча заявілі, што ў асноўным набываюць элітнае жыллё ў Мінску самі беларусы.

Двухпакаёўка на праспекце Незалежнасці за 190 тыс.

Двухпакаёўка каля Мінск-Арэны за 180 тыс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі