З Мінска дэпартавалі расіянку, затрыманую пасля суда па "справе Вясны"
Кацярына Яньшына / t.me/polniypc
Пасля 15 сутак на Акрэсціна знікла расійская праваабаронца і журналістка Кацярына Яньшына, якая супрацоўнічае з "Мемарыялам", паведамляюць праваабаронцы.
Дзяўчына павінна была выйсці з ІЧУ 20 студзеня. Сустракаць Яньшыну прыехала яе абаронца Кацярына Гарбунова. Аднак да прызначанага часу дзяўчына з ІЧУ не выйшла.
Па тэлефоне ў ІЧУ заявілі, што Яньшыну адпусцілі. Але людзі, якія прыйшлі яе сустракаць, катэгарычна настойваюць, што яна не пакідала Акрэсціна.
Гарбунова звярнулася ў расійскую амбасаду. Там ёй сказалі, нібыта Яньшына на волі і ўжо ляціць у Маскву. Пры ёй, маўляў, тэлефон, пашпарт і асабістыя рэчы. Але ні з кім з блізкіх ці калег Кацярына не звязвалася.
Расійскія праваабронцы звярнуліся да Упаўнаважанага па правах чалавека ў Расіі Таццяны Маскальковай.
Пазней Яньшына з аэрапорта ў Маскве звязалася са сваёй сваячкай і паведамліа, што яе дэпартавалі з Беларусі, паведамляюць расійскія праваабаронцы. Усе асабістыя рэчы дзяўчыны засталіся ў руках беларускай міліцыі.
Як распавядала Еўрарадыё, Яньшыну затрымалі пасля першага ж дня суда па "справе Вясны". Яе абвінавацілі ў парушэнні параднку на судзе: нібыта, расіянка рабіла фота і вяла трансляцыю. Суд прызнаў яе вінаватай у дробным хуліганстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.