У Мінску знялі часовую забарону на планавы прыём у стаматолагаў
У Мінску аднаўляюць планавую стаматалагічную дапамогу.
Першым пра тое, што стаматолагі аднаўляюць планавы прыём напісаў у сваім Telegram-канале блогер Сцяпан Пуціла. Ён размясціў ліст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама ад 4 траўня 2020 года. У дакуменце прапаноўваецца ўзнавіць планавую працу стаматалагічных кабінетаў. Пры гэтым у лячэбнай установе павінен дарымлівацца санітарна-эпідэміялагічны рэжым, у тым ліку сацыяльнае дыстанцыяванне пацыентаў.
Чыноўнікі Мінгарвыканкама пацвердзілі парталу TUT.by праўдзівасць гэтых звестак. "Нам гэта рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя, узгоднена пры ўмове захавання ўсіх супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў", — заявіў першы намеснік старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Чараднічэнка.
Раней у сувязі з пандэміяй каранавіруса дзейнасць стаматолагаў была прыпыненая. Аказвалася толькі тэрміновая дапамога пры вострым болі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.