У МУС расказалі пра абставіны смерці "самай публічнай супрацоўніцы АМАП"
Святлана Скаражонак / "На страже"
9 студзеня 2021 года стала вядома пра смерць 29-гадовай Святланы Скаражонак — супрацоўніцы жаночага ўзвода мінскага АМАП. Тады ж папаўзлі чуткі пра тое, што дзяўчыну да смерці збіў муж-сілавік. Прэс-служба МУС пакінула пытанне пра смерць Скаражонак без каментароў.
Але 6 красавіка, пасля прэс-канферэнцыі, прысвечанай праблемам хатняга гвалту, у МУС усё ж пракаментавалі смерць сваёй супрацоўніцы.
"Гэта поўная дэзынфармацыя, пачынаючы з таго, што дзяўчына не была замужам у прынцыпе. Памерла яна ад хваробы", — расказала намесніца начальніка аддзела ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Вольга Сакалоўская.
Тым часам у 2016 годзе Святлана Скаражонак расказвала ў інтэрв'ю газеце "Минский курьер" пра тое, што яе малады чалавек таксама служыць у АМАП.
"У нас з Максімам акрамя службы шмат агульнага. Я б наўрад ці змагла сустракацца з чалавекам з цывільных. Калі ў нас супадаюць выхадныя, адпраўляемся на велапрагулкі ў парк, ходзім у кіно, тэатры", — казала Святлана. Мужам яна яго не называла — казала, што "сябруе з хлопцам са свайго падраздзялення".
"Мы разбіраліся для сябе, цалкам паднялі ўсю інфармацыю. Супрацоўнік АМАП яе не забіў дакладна", — адказвае на гэта прадстаўнік МУС.
Святлана Скаражонак нарадзілася ў Нясвіжы. Яе бацька быў памежнікам, у савецкі час служыў у Афганістане і Туркменістане. Маці — культработніца. У сям'і дзяўчына была адзіным дзіцем.
Скончыўшы факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, Святлана прайшла падрыхтоўку ў навучальным цэнтры МУС, а ў 2014 годзе рэалізавала студэнцкую мару і стала служыць у АМАП.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.