У Музеі беларускага кіно разгледзяць усе віды камедыі
5 красавіка ў Музеі беларускага кіно працягнецца серыя дыскусійных сеансаў “Вакол кіно” з кіназнаўцай Наталляй Агафонавай. Гэтым разам глечадоў запрашаюць на “Камедыйную Адысею”, падчас якой будуць разгледжаныя ўсе градацыі гумару — ад сумнай усмешкі да рогату, а таксама разабраныя ўсе віды камедыі — ад лірызму да фарсу.
“Мы падумаем, над чым мы смяемся ў кіно, ці здольны смех нас аб’яднаць. Які фармат камічнага патрэбны сёння: больш “гарачы”, больш “нізкі” ці больш “тонкі”?” — раскрывае тэму дыскусіі Наталля Агафонава.
Суправаджаць сеанс будзе ўжо традыцыйны кінасерпантын з эпізодаў з фільмаў “Неразбярыха ў кінатэатры” Гаральда Лойда, “Вясёлыя рабяты” Рыгора Аляксандрава, “Разіня” Жэрара Уры, “Сардэчна запрашаем, містэр Маршал” Луіса Гарсіа Барланга, “Восеньскі марафон” Георгія Данеліі, “Ты, які жыве!” Роя Андэрсана і “Другі трагічны Фантоцы” Лучана Сальча.
"Пасля прагляду эпізодаў удзельнікі кінадыскусіі змогуць выбраць для поўнага прагляду адзін з дадзеных фільмаў", — нагадвае Наталля Агафонава.
Дыскусійныя сеансы ў Музеі беларускага кіно праходзяць па першых аўторках месяца. У траўні адбудзецца дыскусія на тэму "Класны вораг". Пачатак сеансаў у 19.00. Кошт квітка — усяго 20 тысяч рублёў.