У МЗС з удзелам паслоў ЕС абмеркавалі "праблемныя пытанні" дачыненняў з РФ
Гаворка ішла і пра развіццё еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў.
Адносіны Беларусі і Расіі, а таксама еўразійская інтэграцыя былі абмеркаваны ў чацвер, 11 снежня, у Мінску. Сустрэча прайшла ў міністэрстве замежных спраў Беларусі з удзелам кіраўнікоў дыпламатычных місій краін-сябраў Еўрасаюза.
"Падчас гутаркі адбыўся абмен меркаваннямі па праблемных пытаннях у адносінах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама развіцця еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. У гэтым кантэксце была адзначана важнасць дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС", — паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Адзначаецца, што міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей таксама правёў тэлефонныя перамовы з шэрагам сваіх калег з краін-чальцоў ЕС і абмеркаваў з імі развіццё сітуацыі ў рэгіёне ды беларуска-еўрапейскія дачыненні.
РІА "Новости", інфармуючы пра сустрэчу ў Мінску, нагадвае, што ў жніўні сёлета Расія забараніла імпарт сельгаспрадукцыі з шэрагу заходніх краін у адказ на ўведзеныя супраць яе санкцыі з-за яе дзеянняў ва Украіне. Рассельгаснагляд з-за кантрабанды патрабуе ад Беларусі забараніць транзіт гэтай прадукцыі ў трэція краіны, які праходзіць праз Расію. Расійскае ведамства таксама ўвяло забарону на пастаўку ў Расійскую Федэрацыю прадукцыі больш за 20 беларускіх мясамалочных прадпрыемстваў і птушкафабрык з-за выяўленага геному віруса афрыканскай чумы свіней, мікробнага забруджвання і антыбіётыкаў. Мінск заяўляў аб парушэнні двухбаковых і міжнародных дамоўленасцяў, ды аб неабходнасці вяртання гэтых пытанняў ў прававое поле.
Расія, Беларусь і Казахстан у траўні 2014-га падпісалі і ўжо ратыфікавалі дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза з 1 студзеня 2015 года. 10 кастрычніка ў Мінску была падпісаная дамова аб далучэнні да яго Арменіі.
Фота — flickr.com