У Нідэрландах пачынаецца суд па справе аб крушэнні "Боінга" над Данбасам
9 сакавіка суд Гаагі пачынае слуханні па справе аб крушэнні малайзійскага самалёта "Боінг" над Данбасам у ліпені 2014 года.
Крушэнне самалёта адбылося 17 ліпеня 2014 года. У авіякатастрофе загінулі ўсе 298 чалавек, якія былі на борце. Большасць з іх былі грамадзянамі Нідэрландаў (192 чалавекі).
Міжнародная следчая група выявіла, што самалёт быў збіты ракетай, запушчанай з расійскага зенітна-ракетнага комплексу "Бук". Комплекс, як высветліла следства, прыбыў ва Украіну з 53-й зенітнай ракетнай брыгады Узброеных сіл Расіі, размешчанай пад Курскам.
Расійскія ўлады ўсе гады адмаўляюць афіцыйныя абвінавачанні ў датычнасці да катастрофы "Боінга" MH17, а таксама прыналежнасць "Бука" расійскім Узброеным сілам.
У 2019 годзе пракуратура Нідэрландаў назвала абвінавачанымі па справе аб авіякатастрофе чатырох чалавек. Гэта грамадзяне Расіі Ігар Гіркін (экс-міністр абароны так званай "Данецкай народнай рэспублікі"), Сяргей Дубінскі, Алег Пулатаў і грамадзянін Украіны Леанід Харчанка.
На думку следчы, ніхто з іх асабіста не ўдзельнічаў у запуску ракеты, але яны маюць дачыненне да дастаўкі зенітна-ракетнага комплексу на Данбас. Усе чацвёра абвешчаныя ў міжнародны вышук, на іх арышт выдадзеныя ордэры.
Кіраўнік Нацыянальнай пракуратуры Нідэрландаў Фрэд Вестэрбеке заявіў, што следства знайшло відавочцу запуску ракеты.
Уладзы Нідэрландаў вырашылі трансляваць у інтэрнэце судовыя слуханні па справе авіякатастрофы "Боінга".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.