У Нью-Ёрку Лукашэнка гаварыў пра правы чалавека
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 27 верасня ў Нью-Ёрку з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раадам аль-Хусейнам. Гаворка ішла найперш пра правы чалавека. Лукашэнка запэўніў, што Беларусь іх выконвае, але выступае супраць "палітызацыі".
Лукашэнка: "Я хачу вас запэўніць, што мы адданыя і будзем адданыя сапраўдным правам чалавека. Хачу вам шчыра сказаць, мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя "правы чалавека" і палітызавалі іх. Гэта абсалютна недапушчальна".
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што наша краіна супрацоўнічае з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і "практычна няма ніякіх праблемаў". "Як мяне інфармавалі, апошнім часам мы паспяхова прайшлі ўніверсальны перыядычны агляд у Савеце ААН па правах чалавека", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.
Лукашэнка падзякаваў Зейду Рааду аль-Хусейну за падтрымку беларускай ініцыятывы па барацьбе з гандлем людзьмі. З афіцыйнага паведамлення вядома, што Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, у сваю чаргу, падзякаваў "за ўзаемадзеянне з офісам па шэрагу пытанняў, уключна з барацьбой з гандлем людзьмі і праблематыкай дыскрымінацыі".
Нагадаем, кіраўнік Беларусі знаходзіцца ў ЗША з рабочым візітам. Ён выступіў з прамовай на саміце глабальнага развіцця ў рамках юбілейнай сесіі Генасамблеі ААН, сустракаўся з кіраўніцай Міжнароднага валютнага фонду.
Фота, відэа: БЕЛТА