У Оршы абвясцілі тэндэр на дэмантаж ужо знесенага музея Заслонава (фота)
Упраўленне капітальнага будаўніцтва Аршанскага раёна абвясціла тэндэр на знос будынка Мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава ў Оршы.
Кошт працаў папярэдне ацэнены ў 62 879 рублёў 35 капеек, пішуць "Народныя навіны Віцебска". Знесці дом №9в трэба да 9 студзеня 2017 года. Фінансаваць працы плануецца з мясцовага бюджэту.
Аднак самога будынка ўжо няма. Музей знаходзіўся ў аварыйным стане і быў моцна пашкоджаны сёлета ў ліпені, калі па Віцебшчыне прайшоў моцны ўраган.
Экспанаты аператыўна эвакуявалі. А будынак, узведзены ў 1914 годзе і рэканструяваны пад музей ў 1952 годзе, знеслі ўжо да 31 ліпеня. Цяпер на яго месцы пустка.
Дарэчы, рашэнне аб вытворчасці праектна-пошукавых работ па зносе будынка музея Аршанскі райвыканкам прыняў 16 жніўня — праз два тыдні пасля фактычнага яго зносу.