У Палату прадстаўнікоў ЗША ўнеслі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
Капітолій
У Палату прадстаўнікоў ЗША ўнесены новы акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі. Ён павінен скарэктаваць дзеянне акту ад 2004 году з улікам удзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны, а таксама гандлю ўкраінскімі дзецьмі.
Мяркуецца, што будзе пашыраны спіс прадстаўнікоў беларускіх уладаў, у дачыненні да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі ЗША. Санкцыі плануецца ўвесці ў тым ліку супраць асоб, адказных за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, супрацоўніцтва з Расіяй па несправакаванаму ўварванню ва Украіну і за расійскую мілітарызацыю беларускай тэрыторыі, распавялі ў Аб'яднаным пераходным кабінеце. Суаўтарамі праекта сталі члены Кокуса па Беларусі Біл Кітынг, Масі Каптур, Джо Уілсан, а таксама старшыня падкамітэту па Еўропе Том Кейн.
У новай версіі Акту аб дэмакратыі па Беларусі таксама будзе заклік да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Дакумент таксама замацоўвае намер не прызнаваць любое ўключэнне Беларусі ў так званую "Саюзную дзяржаву", якая знаходзіцца пад кантролем Расіі.
"Кангрэс ЗША з'яўляецца адным з найбольш паслядоўных саюзнікаў дэмакратычнай Беларусі", — кажа намеснік кіраўніка Кабінета, прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі, які цяпер знаходзіцца ў Вашынгтоне. Паводле яго слоў падобны законапраект унесены і ў Сенат. "Чакаецца, што Кангрэс прыме гэты закон да канца года", — дадаў Кавалеўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.