У першы дзень "бязвіза" у Беларусь прыехалі больш за 600 замежнікаў
Пункт пропуску на беларуска-латвійскай мяжы / beltamas.by
У першы дзень дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусі гэтай магчымасцю скарысталіся 615 замежнікаў, паведамляе прэс-служба Беларускага дзяржаўнага Пагранкамітэта. Гэта дадзеныя на 12 гадзін 16 красавіка.
Амаль трыста чалавек (291) — гэта грамадзяне Латвіі, 78 — неграмадзяне Латвіі. Яшчэ 256 заехала ў рамках бязвізавага рэжыму з Літвы.
Беларускія ўлады ўвялі бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, а таксама грамадзян і неграмадзян Латвіі на месяц — з 15 красавіка да 15 траўня. На гэты крок у Мінску пайшлі "ў інтарэсах умацавання добрасуседскіх адносін і развіцця ўязнога турызму".
Улады Літвы і Латвіі звярнуліся да сваіх грамадзян з просьбай устрымацца ад такіх паездак. "Гэта небеспасна", напісаў, у прыватнасці, кіраўнік латвійскага МЗС Эдгарс Рынкевічс.
"У Літве дагэтуль ёсць рэкамендацыя не ехаць у Беларусь. У першую чаргу праз дзеянні краіны супраць уласных грамадзян, а таксама праз яе дачыненне да вайсковай агрэсіі Расіі ва Украіне", — нагадала прадстаўніца МЗС Літвы Вітаўта Шмайжытэ-Куляшэнэ ў чацвер, калі з'явілася інфармацыя аб скасаванні віз. Яе словы прыводзіць delfi.lt
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.