У Пінскім раёне аварыя на вадаправодзе, з-за паводкі не можа пад'ехаць тэхніка
Камунальнікі вырашаюць складаную праблему / @pinsk_telegram
У Пінскім раёне здарылася аварыя на вадаправодзе. Без вады засталіся жыхары вёскі Новы Дварэц і псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Гэта больш за 300 чалавек.
Як паведамляе прэс-служба райвыканкама, для людзей прывозяць пітную і тэхнічную ваду — у цыстэрнах і ў пластыкавых каністрах. З аварыйна-аднаўленчымі працамі ёсць складанасці, паколькі меркаванае месца аварыі знаходзіцца ў раёне паводкі. Туды не можа пад'ехаць камунальная тэхніка, земляныя працы праводзіць немагчыма.
Штаб па ліквідацыі аварыі выпрацоўвае "тэхнічнае рашэнне". У суботу плануецца стварыць "альтэрнатыўны вадаправод". На "сухіх" участках раскапаюць вадаправод і злучаць непашкоджаныя трубы паміж сабой часовым трубаправодам, які будзе сабраны і пакінуты на паверхні. Такім чынам праблему з пастаўкай вады вырашаць, а з затопленым месцам аварыі будуць разбірацца.
Падобныя аварыі ўсё часцей здараюцца — інфраструктура патрабуе абнаўлення, а грошы найперш трацяцца на сілавікоў, у ЖКГ ж недафінансаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.