У Полацкім раёне рыхтуюць карнавал для раварыстаў
Ён прызначаны на 8 жніўня.
У вёсцы Фарынава Полацкага раёна 8 жніўня пройдзе моладзевы велакарнавал "Лета ў разгары — круці педалі".
У заездзе могуць прыняць удзел усе ахвочыя маладыя людзі, якія выканаюць дзве ўмовы: яны павінны быць у карнавальных касцюмах і на маляўніча аформленых роварах. Тыя, хто справіцца з задачамі лепш за іншых, атрымаюць дыпломы і памятныя падарункі. Паводле інфармацыі БЕЛТА, падарункі прадугледжаныя ў такіх намінацыях, як "Нацыянальны каларыт", "Лепшы дзіцячы ровар", "Экаровар" (афармленне з выкарыстаннем натуральных кампанентаў: лісця, кветак, галінак і інш.), "Ровар-казка "(афармленне ровара пад сродак перамяшчэння папулярных герояў фільмаў або мультфільмаў).
Заяўкі на ўдзел у роварным шоў прымаюцца да 6 жніўня. Дарэчы, больш за 20 чалавек ужо падалі заяўкі.
Арганізатары кажуць, што мэта велакарнавалу — прыцягнуць моладзь да заняткаў спортам і карыснага баўлення часу.
Фота: БЕЛТА