У Полацку пенсіянерка звалілася з даху на металічны штыр
Полацкія ратавальнікі 30 траўня ў 17.40 атрымалі незвычайны выклік. Ім паступіла паведамленне, што на прыватным падворку на вуліцы Паўночнай жанчына звалілася на металічны штыр, які тырчыць з зямлі.
Прыбыўшы на месца здарэння, ратавальнікі пабачылі, што пажылая жанчына ляжыць на спіне, а ў раёне жывата ў яе тырчыць металічны штыр. Першую дапамогу пацярпелай пенсіянерцы аказалі работнікі "хуткай", якія прыбылі на выклік, перадае прэс-служба МНС.
Выявілася, што 79-гадовая пенсіянерка надумала пафарбаваць франтон свайго дома. Яна залезла на лесвіцу на вышыню 3 метры, аднак не ўтрымалася на ёй. Жанчына спінай звалілася на кветнік, у якім быў забетанаваны металічны штыр.
Ратавальнікі перакусілі штур адмысловым інструментам. Пацярпелую жанчыну пераклалі на насілкі і перадалі медыкам для далейшай шпіталізацыі. Паведамляецца, што жанчына знаходзіцца ў прытомнасці, яе стан здавальняючы.