У Полацку прапанавалі плаціць за камуналку смеццем. Што з гэтага выйшла?
Незвычайны метад разліку за кватэру прыдумалі ў Полацку: аплаціць камунальныя паслугі можна макулатурай, шклом і іншай другаснай сыравінай. Здаяце сыравіну ў адзін з дзесяці нарыхтоўчых пунктаў, пакідаеце свае дадзеныя — і грошы за здачу пералічаць ў гарадскі разлікова-касавы цэнтр.
Такі метад аплаты камуналкі працуе ў Полацку ужо некалькі месяцаў, аднак карыстаюцца ім жыхары горада неахвотна.
“На маёй практыцы з чэрвеня толькі адзін раз чалавек такім чынам разлічваўся”, — распавядаюць Еўрарадыё ў полацкім ЖКГ.
Макулатура каштуе сёння — 0,15 капейкі за кілаграм, пластмаса — 0,10, шкло — 0,11, за непатрэбныя электрапрыборы даюць — 0,25 капейкі за 1 кг. Напрыклад, за 500 кг макулатуры атрымаем 75 рублёў. Грошай цалкам хопіць, каб аплаціць “камуналку” за двухпакаёвую кватэру ў рэгіёне.
Разлічыцца за кватэру такім чынам можна пакуль толькі ў Полацку. У Віцебскім разлікова-касавым цэнтры № 4 Еўрарадыё паведамілі, што нічога не чулі пра аплату смеццем.
Да Мінска рэгіянальнае новаўвядзенне таксама яшчэ не дайшло. У ЖКГ №1 Фрунзенскага раёна сталіцы Еўрарадыё кажуць, што такія метады выкарыстоўваюць не паўсюль:
“Напэўна, эксперымент пакуль толькі там праводзяць. У Мінску такога няма. Эксперыменты звычайна ў адным нейкім населеным пункце праводзяць, і калі ўсё добра, дык запускаецца цэлая праграма. Калі нармальна ўсё будзе, дык, магчыма, будзе і ў нас”.