У Полацку пяцікласніка, які згубіў даведку, выгналі з аўтобуса ў завіруху

Полацк, ілюстрацыйнае фота

Полацк, ілюстрацыйнае фота / gorod214.by

У Полацку дзесяцігадовы школьнік згубіў даведку навучэнца, якая дае права на бясплатны праезд, і быў вымушаны некалькі кіламетраў у завіруху ісці дадому пешшу. З аўтобуса яго высадзіла кандуктарка. Гісторыю са спасылкай на сацсеткі маці хлопчыка распавядае "Наша Ніва".

Наяўных грошай у хлопчыка ў той дзень не аказалася, але была карта навучэнца ад Беларусбанка. Яна з'яўляецца пропускам у навучальную ўстанову і банкаўскай картай, якая прывязаная да рахунку аднаго з бацькоў. На карце ёсць і фатаграфія дзіцяці. У той дзень хлопчык змог расплаціцца гэтай картай у краме, але ў аўтобусе яна не спрацавала. Ён быў гатовы купіць у кандуктара білет, калі выявіў, што згубіў даведку. Але "кандуктарка сказала прад'явіць пасведчанне або аплаціць праезд. А ў дзіцяці няма грошай, ён не змог расплаціцца картай, даведкі ў яго няма. А цяпер уявіце, калі здарылася гэтая завіруха, яго знялі з аўтобуса і ён пайшоў пешшу. Ён не змог нам патэлефанаваць, бо ў яго таксама разрадзіўся тэлефон", — расказвае мама хлопчыка, ледзь стрымліваючы слёзы. Хлопец прыйшоў дадому "ўвесь мокры, змерзлы".

"Як можна кінуць дзіця. У мяне ўсё трасецца — за нейкія грошы. Навошта мы зрабілі гэтыя карты, калі яны не працуюць? Я не ведаю, як можна быць такім бесчалавечным. Нам трэба заставацца людзьмі ў любой сітуацыі", — кажа жанчына. Гэта відэа паглядзелі амаль паўмільёна чалавек і пакінулі мноства каментароў. Адгукнуліся і бацькі, чые дзеці апыналіся ў падобнай сітуацыі.

Пазней высветлілася, што Віцебскі абласны Савет дэпутатаў раней пастанавіў, што з 29 снежня 2023 года школьнікі маюць права прад'яўляць кандуктарам не толькі даведку, але і карту навучэнца. Але ў Полацку гэтае правіла запрацавала толькі з 13 студзеня — відавочна, пасля "пасля нашага відэа і размовы з дырэктарам" аўтапарка, выказала здагадку мама хлопчыка. Яна таксама расказала, што напісала дзве скаргі: адну ў выканкам, другую ў аўтапарк. Яна таксама сустрэлася з дырэктарам аўтапарка.

Жанчына кажа, што зрабіла гэтую гісторыю публічнай, каб заклікаць кандуктараў заставацца людзьмі. Дзеці могуць забыцца або згубіць даведку, у гэтай сітуацыі можна было звязацца з бацькамі, але не выганяць дзесяцігадовае дзіця на мароз. Са свайго боку бацькі вырашылі купіць хлопчыку новы тэлефон з больш надзейнай батарэяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі