У Польшчы адбываюцца выбары прэзідэнта

10 траўня ў Польшчы праходзяць выбары прэзідэнта на наступныя пяць гадоў.

Першапачаткова на выбарную гонку заявіліся 26 кандыдатаў. Аднак толькі 11 з іх змаглі сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку і цяпер балатуюцца ў прэзідэнты.

За пасаду прэзідэнта Польшчы змагаюцца дзейны кіраўнік дзяржавы Браніслаў Камароўскі (Грамадзянская платформа), Анджэй Дуда (Права і Справядлівасць), Магдалена Агурэк (Саюз дэмакратычных левых сіл), Адам Ярубас (PSL), лідэр Твайго руху Януш Палікот, Януш Корвін-Мікке (група KORWiN), музыка Павел Кукіз, Яцэк Вільк (Кангрэс новых правых), Марыян Кавальскі (Нацыянальны рух), Павел Танайна (Прамая дэмакратыя) і рэжысёр Гжэгаж Браўн.

Адным з фаварытаў кампаніі з'яўляецца цяперашні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі. Яго бліжэйшым канкурэнтам на выбарах называюць кандыдата ад партыі "Права і справядлівасьць" дэпутата Еўрапарламента Анджэя Дуду. Трэцім фаварытам сацыёлагі лічаць рок-музыку Паўла Кукіза, які выступае за "рэальныя, а не касметычныя змены".

Калі ні адзін з кандыдатаў не набярэ больш за палову галасоў, 24 траўня адбудзецца другі тур галасавання.

У Беларусі для галасавання на польскіх выбарах адкрытыя тры ўчасткі — у польскай амбасадзе ў Мінску і генеральных консульствах ў Гродне і Брэсце.

Фота — PAP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі