Што трэба ведаць пра новага прэзідэнта Польшчы

На выбарах прэзідэнта Польшчы кандыдат ад кансерватыўнай партыі Яраслава Качынскага Анджэй Дуда перамог тагачаснага прэзідэнта Браніслава Камароўскага. Перамог сенсацыйна — усяго за 5 месяцаў да выбараў Камароўскі меў рэйтынг каля 70%, а пра існаванне Дуды ведалі толькі паплечнікі і палітычныя журналісты.

За дзень да інаўгурацыі, 5 жніўня, нечаканы прэзідэнт робіць гучную заяву. Ён хоча заняцца пабудовай Балтыйска-Чарнаморскага саюза. “Я абдумваю ідэю стварэння партнёрскага блока дзяржаў ад Балтыйскага да Чорнага і Адрыятычнага мораў… Дзяржава моцная тады, калі яе атачаюць саюзнікі — гэта таксама элемент павелічэння сілы", — паведаміў Анджэй Дуда журналістам.

Анджэй Дуда нарадзіўся 16 траўня 1972 года ў Кракаве ў прафесарскай сям’і. Яго бацька займаўся электратэхнікай, маці — хіміяй. Дуда — юрыст, скончыў юрыдычны факультэт Ягелонскага універсітэта. Яго дыпломная праца тычылася таго, якім чынам можна беспраблемна атрымаць права будаўніцтва платных аўтастрад на прыватных землях. Але аўтастрадамі на практыцы будучы прэзідэнт не займаўся ніводнага дня — пайшоў у навуку і ў 2004 годзе абараніў доктарскую, пасля чаго адкрыў ўласнае юрыдычнае бюро.

Акурат на 2005 год прыпадае пачатак палітычнай актыўнасці — Анджэй Дуда супрацоўнічае з парламенцкім клубам пры партыі “Права і справядлівасць”, якой на той момант кіруюць браты Качынскія. У 2008-2010 гадах Дуда працуе сакратаром у Адміністрацыі прэзідэнта Леха Качынскага, потым “ПіС” церпіць адно паражэнне за другім, кар’ера нібы закатваецца. Дуда спрабуе ўдзельнічаць у выбарах мэра Кракава, але займае толькі трэцяе месца.

Пасля ён стаў дэпутатам у гарадской радзе, дэпутатам парламента, а ў 2013 стаў прэс-сакраторм партыі "Права і справядлівасць". Акрамя гэтага з 2014 года ён паспеў пабыць еўрадэпутатам.

6 снежня 2014 года Яраслаў Качынскі раптам прапаноўвае яго кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Меркаванні польскіх палітолагаў на гэты конт падзяляюцца. Адны кажуць, што Качынскі, ведаючы пра высокі рэйтынг Камароўскага, не спадзяваўся выйграць выбары і выставіў на іх кандыдата “для птушкі”. Іншыя перакананыя, што маладым і актыўным палітыкам, абсалютна не падобным да вобразу “ПіС”, Качынскі зблытаў усе карты правячай партыі “Грамадзянская платформа”.

Як было насамрэч, даведаемся, не хутка. Хіба што, з мемуараў самога Яраслава Качынскага. Але тое, што нават ён быў моцна здзіўлены перамогай Дуды на выбарах прэзідэнта, падаецца бясспрэчным.

Што прынясе прэзідэнцтва Анджэя Дуды Беларусі? Ён належыць да новай генерацыі палітыкаў кансерватыўнай партыі “Права і справядлівасць”, каторая заўсёды кіравалася амерыканскімі ўзорамі і бачыла галоўнага саюзніка Польшчы ў ЗША. Адсюль і стаўленне да беларускіх уладаў.

“Традыцыйна “Права і Справядлівасць” была больш прынцыповай у беларускім пытанні. Гэта не выпадковасць, што праект “Белсат” узнік тады, калі ва ўрадзе кіравалі людзі "ПіС". Гэта партыя заўсёды больш прынцыпова выступала за санкцыі супраць Лукашэнкі, праводзіла жорсткую палітыку”, — расказвае эксперт Міхал Патоцкі.

Ён дадае пры гэтым, што Анджэй Дуда ўсё ж не такі радыкальны, як лідар "ПіС" Яраслаў Качынскі. “Дуда больш лагодны і мяккі, яго стыль падобны да стылю былога прэзідэнта і брата Яраслава — Леха Качынскага. Хаця, вядома, гэта ўсё ж "ПіС"”, — кажа Патоцкі.

Калі новы прэзідэнт Польшчы насамрэч мае намер заняцца будаўніцтвам Балта-Чарнаморскага саюза і займець моцных суседзяў, то яму давядзецца мець справу і з беларускімі ўладамі. Вельмі цікава, ці атрымаецца ў кракаўскага юрыста дамовіцца са шклоўскім гісторыкам.

Фота - Канцылярыя прэзідэнта Польшчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі