Выбары прэзідэнта Польшчы: розніца ў рэйтынгах кандыдатаў менш за 1%
Сацыялагічныя апытанні, якія праводзяцца ледзь не штодзённа, сведчаць пра непрадказальнасць вынікаў другога тура, які апройдзе 24 траўня.
У нядзелю, 24 траўня, у Польшчы пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. На пасаду прэзідэнта прэтэндуюць дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі і прадстаўнік партыі “Закон і справядлівасць” Анджэй Дуда. У пятніцу — апошні дзень перадвыбарнай кампаніі. Субота ― традыцыйны “дзень цішыні”, калі забароненая любая агітацыя.
Апошнія сацыялагічныя апытанні моцна абвастраюць інтрыгу выбараў. Паводле іх вынікаў, разрыў у рэйтынгах кандыдатаў часам складае менш за 1%.
Так, апытанне, якое было праведзенае 21 траўня кампаніяй IBRIS, сведчыць, што за Камароўскага гатовыя прагаласаваць 47,3% апытаных, а за Дуду ― 47,0%. Вынікі іншага апытання, што праводзілася ў гэты ж дзень кампаніяй PP/OBOP, паказваюць, што за Дуду будуць галасаваць 51%, а за Камароўскага 49% выбаршчыкаў.
Напярэдадні Польшча правяла ўжо другія тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты. Прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы адказвалі на пытынні, звязаныя з эканомікай, фінансамі, знешняй палітыкай.
Эканоміка
Падчас дэбатаў Анджэй Дуда раскрытыкаваў пенсійную рэформу дзеючага прэзідэнта і заявіў, што, калі стане прэзідэнтам, знізіць пенсійны ўзрост (У Польшчы пенсійны ўзрост павысілі да 67 гадоў). На што Браніслаў Камароўскі адказаў:
“Спадар дэпутат, ці хопіць у вас смеласці сказаць людзям, што калі скасаваць пенсійную рэформу, дык узнос на пенсіі трэба будзе павысіць ужо ад наступнага года на 500 злотых?”
Знешняя палітыка і супрацоўніцтва з NATO
На пытанне вядучага, што мусіць адбыцца, каб Расія і Польшча сталі сябрамі, Браніслаў Камароўскі адказаў, што краіна можа мець добрыя адносіны з Расіяй, калі тая вызваліцца ад “імперскіх замашак” і пачне мадэрнізавацца.
Анджэй Дуда заявіў, што палякам неабходныя, перш за ўсё, “спакой і мір”. На яго думку, трэба весці актыўную знешнюю палітыку, але па пытанні канфлікту ва Украіне выступаць з ініцыятывай разам з саюзнікамі і не ўваходзіць у індывідуальны канфлікт.
Адказваючы на пытанне пра далейшыя перспектывы супрацоўніцтва з Паўночнаатлантычным альянсам, Дуда заявіў:
“Лічу, што павінны ўзнікнуць базы NATO ў Польшчы, найлепш —сумесныя, каб яны складаліся і з польскіх салдат ― пакуль мы не адновім патэнцыял польскай арміі, пакуль яны не створаць у нашай краіне моцную, добра абсталяваную армію абароны, пакуль яны не адновяць тэрытарыяльную абарону, якая была ў апошнія гады занядбаная”.
Камароўскі падкрэсліў, што амерыканскія салдаты ўжо знаходзяцца ў Польшчы, ёсць тут і амерыканскія ўстаноўкі. “Гэта змяненне да лепшага. Лепей праводзіць правільную саюзніцкую палітыку з Амерыкай, больш цесна супрацоўнічаць з NATO і паглыбляць інтэграцыю з Еўропай”.
Разам з тым, кандыдаты маюць розныя погляды на тое, як мусіць праходзіць еўраінтэграцыя. Камароўскі перакананы, што супрацоўніцтва з Германіяй ― умова эфектыўнага прыняцця рашэнняў у ЕС.
Дуда заявіў, што Польшча ў першую чаргу мусіць прытрымлівацца сваіх інтарэсаў, а ўжо потым думаць пра інтэграцыю.
Фота: tvn/x-news, pap/bartlomiej zborowski, tvn/cezary piwowarski