Аналітык пра польскія выбары: Не Дуда перамог, а Камароўскі прайграў

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Польшчы ў нядзелю, сапраўды сталі нечаканасцю для многіх. З адрывам у 3% перамог прадстаўнік партыі “Права і справядлівасць” Анджэй Дуда. Ён атрымаў 51,55% галасоў.

Калі прасачыць электаральны рэйтынг пераможцы, можна адзначыць незвычайнае павышэнне. З 12% у канцы студзеня да перамогі ў траўні з вынікам амаль у 52%.

Доктар палітычных навук Варшаўскага ўніверсітэта Віктар Рос мяркуе, што на перамогу Анджэя Дуды паўплывала шмат фактараў. Адзін з якіх — стомленасць ад дзейнай улады.

У першым туры выбараў удзельнічаў музыка Павел Кукіз. Ён атрымаў каля 20% галасоў. На думку палітолага, гэта сведчыць пра тое, што немалая частка насельніцтва не столькі галасавала за Кукіза, колькі страціла давер да “Грамадзянскай платформы” і да Камароўскага як яе прадстаўніка. Дуда ж перамог на выбарах у выніку таго, што большасць электарату Кукіза аддалі за яго свае галасы:

“Гэта быў акурат малады электарат. Яны вырашылі, што ім бліжэйшы будзе Дуда, чым Камароўскі, які ўжо засядзеўся. “Грамадзянская платформа” кіруе 8 гадоў, а Камароўскі вёў вельмі пасіўную палітыку — вось і вынік”.

Віктар Рос

Віктар Рос кажа, што самая высокая падтрымка Анджэя Дуды назіраецца сярод моладзі, у асобаў ад 20 да 30 гадоў. І гэта было нечаканасцю, таму што раней “Права і справядлівасць” карысталася падтрымкай больш сталых людзей.

Разам з тым палітолаг адзначае, што ў Дуды была вельмі моцная перадвыбарчая кампанія. Ён наведаў усе польскія паветы, сотні гарадоў і мястэчак. Падымаў і абяцаў вырашыць самыя вострыя эканамічныя і сацыяльныя пытанні, такія як масавы выезд моладзі за мяжу, беспрацоўе, павышаны пенсійны ўзрост і інш.

Сенатар ад “Грамадзянскай платформы” Анджэй Пэрсан заўважае, што перамога Дуды для іх партыі стала сапраўднай нечаканасцю. Сенатар называе гэтыя выбары не толькі спаборніцтвам паміж кандыдатамі, але і спаборніцтвам дзвюх палітычных сілаў — “Грамадзянскай платформы” і партыі “Права і справядлівасць”. Перамогу іх апанента абумовіла шмат момантаў, у тым ліку і той, што “Платформа” знаходзіцца ва ўладзе доўгія 8 гадоў (з 2007-га мае большасць у парламенце, а ў 2010-м прадстаўнік партыі стаў прэзідэнтам). Ніводная партыя ў найноўшай гісторыі не кіравала краінай так доўга. Прычына таксама і ў тым, што мала ўвагі надавалася маладому электарату, праблеме міграцыі моладзі — за Анджэя Дуду прагаласавала 70% маладых палякаў з Вялікабрытаніі.

“Можа быць, мы пачалі кампанію спадара Камароўскага надта позна, магчыма, з прэзідэнцкага палаца апошнія пяць гадоў прыходзіла шмат дрэнных навінаў, магчыма, было не так шмат дэвізаў і заклікаў нешта змяняць”, — дадае сенатар.

Анджэй Пэрсан

Аналітык і журналіст Павел Шарамет, які прысутнічаў у Польшчы падчас выбарчай кампаніі, выказвае меркаванне:

“Выбары прэзідэнта не столькі выйграў Дуда, колькі прайграў Камароўскі і “Грамадзянская платформа”. Былы прэзідэнт меў вельмі дрэнную выбарчую кампанію, кволую, невыразную, без якіх-небудзь сур’ёзных зваротаў да выбаршчыкаў”.

"Грамадзянская платформа" прапусціла крытычны настрой у польскім грамадстве, мяркуе Павел Шарамет, асабліва сярод моладзі. Людзі стаміліся ад “Платформы”, бо яна ўжо доўгі час з’яўляецца кіруючай партыяй. Палякі абралі прэзідэнта-папуліста, які вельмі дакладна выкарыстаў усе памылкі Камароўскага і яго партыі.

Дуда падчас кампаніі ціснуў на такія непрыемныя месцы, як павышэнне пенсійнага ўзросту, разрастанне бюракратыі, праблемы ўзаемаадносінаў з касцёлам.

Сам Камароўскі, мяркуе Шарамет, выклікаў у людзей сімпатыю, але яны галасавалі супраць яго як супраць прадстаўніка “Грамадзянскай платформы”. 

Фота: AP Photo/Alik Keplicz, Agencja Gazeta, kamienskie.info 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі