Які прэзідэнт Польшчы больш выгадны Беларусі: Дуда або Камароўскі
Эксперт варшаўскага выдання Dziennik Gazeta prawna Міхал Патоцкі расказвае Еўрарадыё, якое стаўленне да Лукашэнкі маюць кандыдаты.
Сёння ў Польшчы праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. На пасаду кіраўніка краіны прэтэндуе кандыдат ад партыі “Права і Справядлівасць” Анджэй Дуда, які нечакана перамог у першым туры, і дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, за якім стаіць іншая найбуйнейшая партыя — “Грамадзянская платформа”. Паводле сацыялагічных апытанняў, разрыў паміж кандыдатамі складае не больш за 1%.
Што будзе, калі выйграе Анджэй Дуда
Дуда належыць да новай генерацыі палітыкаў з кансерватыўнай партыі “Права і справядлівасць”. Яна заўсёды кіравалася амерыканскімі ўзорамі і бачыла галоўнага саюзніка Польшчы ў ЗША. Адсюль і стаўленне да беларускіх уладаў. “Традыцыйна “Права і Справядлівасць” была больш прынцыповай у беларускім пытанні. Гэта не выпадковасць, што праект “Белсат” узнік тады, калі ва ўрадзе кіравалі людзі ПіС. Гэта партыя заўсёды больш прынцыпова выступала за санкцыі супраць Лукашэнкі, праводзіла жорсткую палітыку”, — расказвае эксперт Міхал Патоцкі.
Ён дадае пры гэтым, што Анджэй Дуда ўсё ж не такі радыкальны, як лідар ПіС Яраслаў Качыньскі. “Дуда больш лагодны і мяккі, яго стыль падобны да стылю былога прэзідэнта і брата Яраслава — Леха Качыньскага. Хаця, вядома, гэта ўсё ж ПіС”, — гаворыць Патоцкі.
Што будзе ў выпадку перамогі Камароўскага
Міхал Патоцкі перакананы, што Камароўскі больш схільны да перамоваў, чым да вострых заяў: “У “Грамадзянскай платформы” былі спробы неяк дамовіцца. Вы памятаеце Сікорскага і Вэстэрвэлле ў Мінску падчас выбарчай кампаніі 2010 года… Добра гэта ці дрэнна, залежыць ад таго, як вы лічыце самі. Калі вам патрэбныя санкцыі — Дуда ваш кандыдат. Калі вы лічыце, што трэба неяк спрабаваць выцягнуць Лукашэнку з абдымкаў Крамля, неяк з ім дамаўляцца — тады лепш, каб прэзідэнтам стаў Камароўскі”.
Спробы наладзіць сувязь з Лукашэнкам працягваюцца
Цікава, але акурат з кіраўніком Беларусі звязаны крах кар’еры міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Прынамсі, аб гэтым дагэтуль гавораць у Варшаве. “У 2010 годзе Лукашэнка кінуў Сікорскага. Сікорскі адчуваў сябе падманутым — яму абяцалі свабодныя і спакойныя выбары, а 19 снежня на плошчы адбылося тое, што адбылося. Для Сікорскага гэта быў сапраўдны шок. Ён разумеў, што неяк дамовіўся з Лукашэнкам, а тут такое… Пасля гэтага выпадку Сікорскі перастаў займацца ўсходняй палітыкай: і Беларуссю, і Украінай”, — расказвае Міхал Патоцкі.
Тым не менш падчас фактычнага кіравання ў Польшчы партыі “Грамадзянская платформа” спробы наладзіць сувязь з афіцыйным Мінскам працягваліся. Эксперт расказвае, што нават нягледзячы на паразу Сікорскага, у Мінск працягваюць ездзіць польскія чыноўнікі даволі высокага ўзроўню: “Пасля Сікорскага ва ўсходнюю палітыку паступова ўключыўся Камароўскі. І ў мінулым годзе супрацоўнікі адміністрацыі Камароўскага ездзілі ў Беларусь. Як мінімум двойчы там быў Міхалоўскі — кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Камароўскага”.
Фота: wpolityce.pl