У Польшчы расказалі, як сілавікі РБ вярбуюць "кур'ераў" для перавозкі мігрантаў
На польска-беларускай мяжы / https://twitter.com/Straz_Graniczna/
У Польшчы расказалі, як беларускія сілавікі вярбуюць "кур'ераў" для перавозкі мігрантаў. Польскія памежнікі змаглі атрымаць доступ да матэрыялаў, у якіх утрымліваюцца падрабязныя інструкцыі для незаконнай дзейнасці. З іх вынікае, што беларускія службы не толькі дапамагаюць мігрантам нелегальна перайсці мяжу з Беларусі ў Польшчу, але і арганізуюць іх перавозку па польскай тэрыторыі да мяжы з Германіяй. "Кур'ер", які гэтым займаецца, зарабляе ад 500 да 700 еўра за чалавека, піша podlaski.strazgraniczna.pl.
Незаконны бізнес вельмі прыбытковы, і яго кантралююць беларускія службы, а таксама злачынныя групоўкі, якія з імі супрацоўнічаюць. Адзначаецца, што перавозчыкі мігрантаў дзейнічаюць рызыкоўна, рухаюцца па дарогах на высокай хуткасці, ігнаруюць правілы дарожнага руху, ствараюць небяспечныя сітуацыі. Здаралася, што вадзіцелі не мелі правоў кіроўцы і былі пад уздзеяннем наркотыкаў.
З-за эфектыўнай працы польскіх праваахоўнікаў злачынныя групы, якія займаюцца кантрабандай людзей, "шукаюць новыя метады". Створаны нават навучальныя відэаролікі.
Польскія памежнікі затрымліваюць "кур'ераў" і арганізатараў штодня. Сёлета іх злавілі ўжо 249 чалавек (за той жа перыяд 2022-га затрыманых было ўтрая менш).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.