У Празе беларус зарэзаў латвійца і ўцёк
Яго шукалі з сабакамі і верталётам, але безвынікова.
16 ліпеня каля другой гадзіны дня крымінальная паліцыя Прагі атрымала інфармацыю пра інцыдэнт паміж двума мужчынамі на аўтобусным прыпынку. Як паведамляе Радыё "Свабода", падчас сутычкі адзін з іх атрымаў раненні, ад якіх загінуў на месцы. Другі паспеў уцячы яшчэ да прыезду паліцыі. Для яго вышуку былі скарыстаныя паліцэйскія сабакі і верталёт, але безвынікова.
Выявілася, што загінуў 34-гадовы грамадзянін Латвіі. Другім, паводле звестак чэшскай паліцыі, з'яўляецца 29-гадовы ўраджэнец Беларусі Аляксандр Астапчук. Як кажуць сведкі, гэта мужчына ростам 185 см, спартовага целаскладу. Паліцыя лічыць яго небяспечным і перасцерагае ад спробаў затрымаць яго самастойна.
Паводле чэшскіх СМІ, бойка паміж мужчынамі пачалася з-за дзяўчыны. Цяпер яна праходзіць сведкай па справе.
Дарэчы, некаторыя відавочцы бойкі здымалі яе на мабільнікі і планшэты . Забойства таксама выпадкова зафіксавала група з Чэшскага тэлебачання, якая здымала побач іншы рэпартаж.