У Расіі аўтобус з фанатамі Макса Каржа вылецеў у кювет
14 снежня аўтобус, у якім фанаты Макса Каржа вярталіся ў Екацярынбург з Пярмі, дзе выступаў беларускі музыка, вылецеў у кювет у Свярдлоўскай вобласці. Пра гэта піша ТАСС са спасылкай на прэс-службу Свярдлоўскай ДУ МУС.
Паведамляецца, што ДТЗ адбылося а пятай раніцы: кіроўца задрамаў за рулём, у выніку чаго згубіў кантроль над кіраваннем. Пасля гэтага машына выехала на паласу сустрэчнага руху, з'ехала з трасы, перавярнулася і легла на левы бок. У бліжэйшую бальніцу было дастаўлена сем чалавек, некаторыя з іх атрымалі пераломы канечнасцяў і чэрапна-мазгавыя траўмы. Пазней стала вядома пра 15 пацярпелых, нікому з іх гаспіталізацыя не спатрэбілася.
Дарэчы, расійская прэса таксама піша, што на гэтым канцэрце ў Пярмі адбылася сутычка фанатаў Каржа, якія палілі фаеры, і пажарных, якія спрабавалі іх патушыць. "Гэта было незабыўна і страшна", – рэагуюць сацсеткі на выпадак.
У снежні Макс Корж даў два канцэрты ў Расіі – у Пярмі і Пензе. Невялікае відэа яго канцэрту ў Пензе з'явілася ў сацыяльных сетках музыкі.
24 жніўня Макс Корж сыграў канцэрт на мінскім стадыёне "Дынама". На ім прысутнічала больш за 30 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.