У Расіі чакаецца рэзкае падаражанне лекаў
Лекі, ілюстрацыйнае фота
У Расіі рэзка выраслі кошты на фармацэўтычныя субстанцыі, з якіх вырабляюць лекавыя прэпараты. У 2023 годзе яны падаражэлі ажно на 26% — да 116 долараў за 1 кг. Падаражанне фармацэўтычнай субстанцыі павялічыць і цэны на прэпараты.
На гэта звяртае ўвагу расійскае выданне "Ведомости", якое прааналізавала справаздачу аналітычнай кампаніі DSM Group.
Кошт субстанцый — даволі значная частка цаны лекаў. Аднак яе канкрэтны ўнёсак у канчатковы кошт прэпарата залежыць ад медыкамента, кажа прадстаўнік "Бінафарм груп". Цяпер расійскія вытворцы закупляюць субстанцыі пераважна ў Кітаі ды Індыі.
Прэзідэнт кампаніі "Актыўны кампанент" Аляксандр Сямёнаў дадае, што падаражанне фармацэўтычных субстанцый — гэта не расійская, а сусветная тэндэнцыя. Паводле яго, доля расійскіх субстанцый на айчынным рынку складае не больш як 8-10%.
Гэта азначае, што беларусам таксама варта рыхтавацца да падаражання лекаў — як замежных, так і, хутчэй за ўсё, айчынных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.