У Расіі па падазрэнні ў махлярстве арыштавалі былога камандуючага арміяй
Іван Папоў
У Расіі па падазрэнні ў махлярстве ў асабліва буйным памеры арыштавалі былога камандуючага 58-й арміяй генерал-маёра Івана Папова. Суд пакінуў яго за кратамі на два месяцы. Справу расследуе Галоўнае ваеннае следчае ўпраўленне Следчага камітэта РФ.
Папову 49 гадоў. Летам 2022-га ён кіраваў адступаючымі расійскімі войскамі на Харкаўшчыне падчас украінскага контрнаступу. Нягледзячы на гэта, неўзабаве атрымаў званне генерал-маёра і быў прызначаны камандуючым 58-й арміі. Летам 2023-га камандаваў расійскімі войскамі на Запарожскім напрамку падчас чарговага ўкраінскага контрнаступу (на гэты раз больш удала).
У ліпені мінулага года генерала Івана Папова адхілілі ад камандавання. Ён патрабаваў ратацыі для падраздзяленняў, якія панеслі вялікія страты, у аўдыёзвароце гаварыў пра праблемы на фронце. У выніку генерала абвінавацілі ў "панікёрстве". Лічылася, што ён трапіў пад "зачыстку" ў войску пасля "паходу на Маскву", арганізаванага "вагнераўцамі" ў чэрвені 2023-га. Але пад крымінальны пераслед Папоў трапіў толькі сёлета. Нібыта ён прадаў каля 2000 тон металавырабаў, атрыманых у якасці гуманітарнай дапамогі і прызначаных для будаўніцтва ўмацаванняў на фронце (сума шкоды — каля мільёна долараў). Па справе затрыманы афіцэр і бізнесмен з Кранадарскага краю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.