У Расіі падазраюць, што Беларусь корміць яе бульбай з Еўрасаюза
Між тым у нашай усходняй суседкі з 1 ліпеня дзейнічае забарона на бульбу з ЕС.
Рассельгаснагляд папрасіў беларускі бок прадаставіць звесткі адносна паставак бульбы з краінаў Еўрасаюза ў Беларусь у 2012-2013 гадах. Раней з'яўляліся паведамленні пра выпадкі, калі на маскоўскіх базах гародніны і рынках знаходзілася беларуская прадукцыя, заражаная карантыннымі для Расіі арганізмамі. Гэтая прадукцыя суправаджалася сертыфікатамі, выдадзенымі Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыяй абароны раслін Беларусі.
У Маскве не выключаюць, што праз нашу краіну на расійскі рынак паступае бульба з Еўропы. Па звестках Рассельгаснагляду, нягледзячы на забарону, толькі ў трэцім квартале сёлета ў Расію патрапіла 770 тон такой прадукцыі, інфармуе Радыё Свабода.