У Расіі планавалі вырабіць 108 самалётаў, а змаглі толькі 9

SuperJet 100

SuperJet 100 / Getty Images

З пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны (з лютага 2022-га) у РФ пабудавалі сем пасажырскіх самалётаў Sukhoi Superjet 100 і два вопытныя самалёты Іл-96-400М і Іл-114. Але праграма развіцця авіягаліны меркавала вытворчасць за гэты перыяд 108 самалётаў. Пра гэта паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Афіцыйны рэестр самалётаў у парках расійскіх перавозчыкаў схаваны з чэрвеня 2024-га. Аднак журналісты ў сваіх падліках выкарыстоўвалі неафіцыйныя рэестры, агрэгатары і паведамленні ў СМІ.

У Расіі дзейнічае "комплексная праграма развіцця авіягаліны" да 2030 года, якую неаднаразова "карэктавалі". Крыніца выдання мяркуе, што яна была проста "заглушкай" для "заспакаення ўрадавых нерваў", "імітацыяй актыўнасці". Ніхто не верыў, што ва ўмовах заходніх санкцый і вайны да 2030-га ўдасца вырабіць 1036 самалётаў, уключна з 142 Superjet.

Згаданыя сем Superjet 100 былі дабудаваныя пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне "з даваенных запасаў".

Для РФ будаўніцтва пасажырскіх самалётаў — не толькі пытанне прэстыжу або камерцыйнай выгады. Справа ў тым, што многія аддаленыя раёны цалкам залежаць ад авіяцыі, забяспечыць іх наземным транспартам нерэальна.

Заходнія санкцыі аказаліся настолькі сур'ёзнымі, што паставілі авіяпрамысловасць Расіі на мяжу выжывання. ГУР Мінабароны Украіны яшчэ год таму заявіла, што расійская грамадзянская авіяцыя знаходзіцца на мяжы калапсу. Праз санкцыі бяспека палётаў грамадзянскіх самалётаў у Расіі можа аказацца пад пагрозай. І частыя здарэнні з самалётамі ўжо нікога не здзіўляюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі