У Расіі прапанавалі купляць заходнія блокбастары праз Беларусь

Кадр з фільма "Аватар: шлях вады" / 20th Century Studios / Walt Disney Company
Кадр з фільма "Аватар: шлях вады" / 20th Century Studios / Walt Disney Company

У Савеце Федэрацыі РФ прапанавалі дазволіць у Расіі пракат замежнага кіно без згоды праваўладальнікаў. Прапанову падтрымалі чыноўнікі расійскага Мінюста, піша РБК. У Мінюсце нават прапанавалі ўвесці такую практыку не толькі для звычайных, але і для анлайн-кінатэатраў.

Самі анлайн-кінатэатры выступаюць супраць гэтых пірацкіх паказаў, бо яны толькі сапсуюць адносіны з праваўладальнікамі і прывядуь да новых санкцый.

Такое "прымусовае ліцэнзаванне" не падтрымалі два расійскія міністэрствы — Мінкультуры і Мінлічбы РФ. Там мяркуюць, што такая мера дазволіць кінатэатрам атрымліваць толькі некалькі блокбастараў у год, прычым змест іх будзе сумнеўны "з ідэалагічнага пункту погляду". Чыноўнікі прапануюць укладваць грошы ў айчынныя праекты.

Нечаканую прапанову агучыў першы намеснік старшыні камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы Аляксей Сініцын. Для выжывання расійскага кінапракату ён прапанаваў купляць заходнія блокбастары праз Беларусь.

"Там прыняты аналагічны закон таго, што мы прапануем, і фактычна легалізаваны паказ замежных фільмаў. Тэарэтычна мы можам у Беларусі купляць копію, якая пры паступленні ў Расію будзе легальнай. Альбо прыняць аналагічны закон", — цытуе РБК ягоныя словы.

Сапраўды, на пачатку года ўрад Беларусі прыняў пастанову якая легалізуе "паралельны імпарт" — гэта значыць, увоз тавараў без згоды праваўладальніка. Таксама пастанова дазваляе выкарыстоўваць фільмы, музыку, тэле- і радыёперадачы ды праграмнае забеспячэнне з "недружалюбных" краін такім жа спосабам.

Але ёсць адна загваздка. Беларускія кінапракатчыкі куплялі стужкі для паказу ў расійскіх дыстрыбутараў, бо агучыць фільм і адаптаваць яго пад мясцовы рынак каштуе нямала.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну многія сусветныя кампаніі адмовіліся супрацоўнічаць з Расіяй. У выніку расійскія, а за імі беларускія кінатэатры засталіся без легальнага кантэнту.

Як высветліла Еўрарадыё, цяпер у беларускіх кінатэатрах паказваюць пірацкія копіі заходніх стужак, не папярэджваючы пра гэта гледачоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі