“Паводзяць сябе як падонкі”. Кінатэатры пачалі зарабляць на пірацкім кантэнце
З канца восені на кінаэкраны паступова пачалі вяртацца галівудскія блакбастары: баявік “Хутчэй за кулю”, супегераічныя кінакоміксы “Чорны Адам” і “Чорная пантэра: Ваканда назаўжды”. А пад канец снежня ў раскладзе дзяржаўных і прыватных залаў раптоўна з’явіўся анонс фантастыкі Джэймса Кэмерана “Аватар: Шлях вады”, працяг самай касавай стужкі ў гісторыі, афіцыйны пракат якога пачаўся у свеце з 15 снежня.
Вось толькі як тое стала магчымым, калі за апошнія дзесяць месяцаў з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне з кінарынку Расіі і Беларусі сышлі ці часова прыпынілі дзейнасць ўсе уплывовыя амерыканскія кінакампаніі?
“Еўрарадыё” раней спрабавала высветліць, як галівудскае кіно вярнулася на нашыя вялікія экраны, але меркаванні экспертаў і гульцоў рынку на той момант разышліся. Зараз мы працягваем гэтую гісторыю, бо адшукалі крыніцу, якая нам дакладна пацвердзіла — беларускія кінатэатры перайшлі да паказу пірацкага кантэнту.
Распавядаем, як тое адбылося і якія мае наступствы для забаўляльнай сферы краіны.
Час вольнай вольніцы
Апошнія тры гады сталі цяжкім выпрабаваннем для айчыннага кінапракатнага бізнеса. Вясной 2020 года гледачы перасталі хадзіць у кінатэатры праз небяспеку захварэць каранавірусам, потым галівудскія студыі пачалі масава адмяняць прэм’еры блакбастараў, пераносячы іх на паўгода ці нават на год. Усё гэта прыносіла каласальныя страты як дыстрыбьютарам кантэнту, так і кінатэатрам, якім было амаль няма чаго паказваць. А дзяржава нават і не паспрабавала падтрымаць бізнесоўцаў.
“Калі ацэньваць працу ўсіх трох [мінскіх] кінатэатраў, то падзенне выручкі складае 99% у адносінах да канца мінулага года”, — менавіта так выданню Probusiness сітуацыю каментаваў сузаснавальнік сеткі кінатэатраў Silver Screen Аляксей Малайчук вясной 2020 года.
Але свайго экзістэнцыяльнага піка крызіс дасягнуў вясной 2022 года, калі студыі-мэйджары — Disney, Warner Brothers, Sony Pictures, Universal Pictures, Paramaunt — праз паўнамаштабную вайну ва Украіне пачалі масава сыходзіць з рынка Расіі. А паколькі так сталася, што наш кінарынак з’яўляецца працягам расійскага, — то і з беларускага. Таму ўсе буйныя рэлізы вясны, лета і пачатку восені — кінакоміксы “Бэтмен”, “Морбіус”, “Доктар Стрэндж: У мульцісусвеце вар’яцтва”, фэнтэзі “Фантастычныя стварэнні: Таямніца Дамблдора” і г.д. — беларусы маглі пабачыць толькі анлайн на пірацкіх сэрвісах альбо легальных стрымінг-пляцоўках.
Але як кантэнт замежных медыякарпарацый без вяртання гэтых саміх медыякарпарацый у лістападзе зноў з’явіўся у Беларусі? Наш суразмоўца з кінапракатнай галіны, які захацеў застацца ананімным з умоў бяспекі, упэўнены — гэта рэалізацыя так званага паралельнага імпарта, ці ў перакладзе з расійскага наваяза дэманстрацыя пірацкіх копій фільмаў.
Што тычыцца дублявання на расійскую мову, то яно адбываецца ў дзвюх краінах. Так у Грузіі гэтым займаецца студыя Bravo Records, якая спецылізавалася раней на стварэнні рэкламы. Яны агучваюць фільмы студый Warner Brothers і Universal Pictures. Цікава, што ў каманду агучкі ўваходзяць беларускія акторы і музыкі, якія эмігравалі: Аляксандр Ждановіч (былы актор сталічнага Нацтэатра імя Максіма Горкага), Марына Шукюрава (спявачка Руся), Рыгор Лайкаў. А ў Казахстане — студыя Movie Dalen, яна перакладае рэлізы студый Disney і Sony Pictures.
Як паведамілі нам гледачы з Беларусі, менавіта копіі з дубляжом ад гэтых студый зараз паказваюць у сталічных кінатэатрах. Але як гэтыя рэлізы з краін СНД трапілі ў Беларусь?
Наша крыніца лічыць, што зараз працуе негалосны пасярэднік, які прапанаваў беларускім кінатэатрам новую схему працы. І яна дакладна нелегальная, бо дыстрыб’ютар павінен атрымаць ліцэнзію з боку офіса праваўладальніка:
“Асабіста я атрымліваў імянную ліцэнзію на тое, што я магу прадстаўляць інтарэсы студыі на рынку. Кампанія праходзіла паўгода аўдытарскую і рэпутацыйную праверку. А зараз пра што казаць? Як гэта можа быць [легальна], калі прадстаўніка кампаніі ў краіне няма, кампанія сышла з рынка і ўладальнікі правоў не давалі дазволу на паказ”.
Самі кінатэатры пытанне дэманстрацыі пірацкіх копій фільмаў ніяк не каментуюць.
На нашы запыты не адказалі прыватныя кінасеткі Silver Screen і Skyline Cinema, кінатэатр Falcone Boutique Club, дзяржаўная сетка “Мінсккінавідэапракат”. Нічога дакладнага не змаглі дабіцца і нашыя калегі з Onliner.by.
Пры гэтым людзі, якія супрацоўнічаюць з пракатчыкамі, кулуарна паведамляюць, што практыка так званага “паралельнага імпарта” ужо актыўна ідзе. Па іх словах, ужо месяца два ў кінапракаце Беларусі дзейнічае так званы паралельны імпарт. Прычым у працэс ангажаваны ўсе пракатчыкі-кінатэатры. І пра гэта сведчыць паказ фільма “Аватар 2”, продаж квіткоў на паказ якога актыўна ідзе.
У гісторыі незалежнай Беларусі пірацкае кіно паказвалі толькі аднойчы — у 90-я гады, калі пасля развалу СССР знікла савецкая сістэма кінапракату, а кіно хадзілі глядзець у відэасалоны з VHS-касет. Зараз гісторыя паўтараецца, толькі ўжо кінатэатры пачынаюць паказваць нелегальны кантэнт пад маркай легальнага, ва ўмовах калі пад гэта не распрацавана нават адпаведнае заканадаўства.
Як гэта адаб’ецца на культуры кінапрагляду і якія наступствы нясе? Мы папрасілі выказацца беларускіх кінакрытыкаў, якія пажадалі застацца ананімнымі.
“Для гледачоў, думаю, прынцыпова нічога не памяняецца — у сістэме пракату не разбіраюцца нават заўзятыя кінаманы. Галоўнае, што кіно ідзе на вялікім экране, а як яно туды трапляе, мала каму важна і цікава, — кажа наш першы суразмоўца. — Людзей у кінатэатрах нашмат менш, чым раней, але гэта хутчэй наступства кавіда, плюс уплыў стрымінгаў, якія ўжо за 2 гады прывучылі, што нават самыя гучныя прэм'еры года будуць адразу ж даступныя анлайн. На "Чорнай пантэры 2", напрыклад, у пікавы час, у выходны, у адным з самых папулярных кінатэатраў, была свабодная палова залы. Але гэта дакладна не праз тое, што нехта прынцыпова не пайшоў, хутчэй сама па сабе культура кінапрагляду пачала размывацца. Нават нягледзячы на вяртанне прэм'ер у пірацкім выглядзе, гэта ўсё роўна драбкі ад таго, што было раней. У 2019 годзе кожны чацвер выходзіла ў кіно па тры фільмы, якія проста must see, яшчэ столькі ж проста добрых, і яшчэ штук пяць "на астачу". Ты ведаў, што можаш проста прыйсці ў любы момант у кіно і там нешта ідзе цікавае. Цяпер трэба шукаць, цікавіцца, даведвацца, калі выходзіць за мяжой, а калі ў нас, які кінатэатр паказвае, які не. Гэта складана, гледачу лянота гэтым займацца”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.