У Санкт-Пецярбургу адказалі на словы Лукашэнкі пра дрэннае абслугоўванне МАЗаў
Аўтобусы МАЗ у Санкт-Пецярбургу
Беларускія аўтобусы МАЗ абслугоўваліся паводле рэгламенту. Так у Санкт-Пецярбургу адрэагавалі на абвінавачванні Аляксандра Лукашэнкі. "ГУП "Пасажыраўтатранс" не з'яўляецца прыватнай кампаніяй і эксплуатуе свой рухомы састаў самастойна і паводле рэгламенту", — цытуе рэсурс "Газета.Ru" прадстаўніка прадпрыемства. Журналісты звярнуліся ў кампанію з просьбай пракамэнтаваць вэрсію Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што аўтобусы ў Санкт-Пецярбургу гарэлі праз няякаснае абслугоўваньне. Гэтую версію Лукашэнка выказаў на днях на сустрэчы ў Мінску з губернатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым.
"Пачалі разбірацца, задаю пытанне: а ў іншых рэгіёнах Расіі? У нас жа не гараць аўтобусы. У іншых рэгіёнах Расіі не гараць. А чаму ў Піцеры гараць? Таму што нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі не бачылі аўтобусаў, узяла на сябе абслугоўванне", — сказаў Лукашэнка. У Санкт-Пецярбургу яго словы абверглі.
Летась у гэтым расійскім горадзе згарэлі як мінімум шэсць аўтобусаў беларускай вытворчасці. У выніку ў жніўні "Пасажыраўтатранс" на час зняў з маршрутаў усе беларускія МАЗы (137 аўтобусаў) "у сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання". Праз некаторы час — пасля таго, як спецыялісты ААТ "МАЗ" "ажыццявілі дапрацоўку дзеючых сістэм і механізмаў аўтобусаў з мэтай выключэння выпадкаў патэнцыйных узгаранняў" — машыны вярнулі на вуліцы.
Дадамо, што праблемы з аўтобусамі МАЗ здараліся і ў Беларусі. У красавіку аўтобус МАЗ "самаадвольна загарэўся" на трасе Магілёў — Мінск. 10 жніўня гэтага года гарэў МАЗ у Слуцку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.