МАЗ дапрацаваў для Санкт-Пецярбурга аўтобусы, што гарэлі на маршрутах
Передача автобусов МАЗ в Санкт-Петербург, 2022 год / пресс-служба МАЗ
Беларускія аўтобусы МАЗ пасля дапрацоўкі вяртаюцца на вуліцы Санкт-Пецярбурга. Пра гэта паведамляе піцерская кампанія "Пассажыраўтатранс". Спецыялісты МАЗ "ажыццявілі дапрацоўку дзеючых сістэм і механізмаў аўтобусаў з мэтай выключэння выпадкаў патэнцыйных узгаранняў", — гаворыцца ў паведамленні перавозчыка.
Па кожнай машыне спецыялісты МАЗ склалі акт, які "гарантуе яе бяспеку і дае магчымасць допуску да эксплуатацыі". У "Пасажыраўтатрансе" адзначылі, што "аўтобусы, па якіх пацверджаная адсутнасць заўваг, выходзяць на лінію". Але бакі пры гэтым дамовіліся, што ў якасці дадатковай меры прадстаўнікі завода будуць цяпер ажыццяўляць штодзённы кантроль тэхнічнага стану аўтобусаў.
Нагадаем, што 2 жніўня "Пасажыраўтатранс" спыніў эксплуатацыю 137 аўтобусаў МАЗ "у сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання". У апошнія гады аўтобусы МАЗ гарэлі неаднаразова і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Беларусі. Пасля аднаго з такіх пажараў прагучала меркаванне, што прычынай магло быць няўдалае імпартазамяшчэнне. Такую версію выказаў віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Кірыл Палякоў, які курыруе транспартную сферу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.