У Санкт-Пецярбургу згарэў яшчэ адзін пасажырскі аўтобус МАЗ
Аўтобус МАЗ гарыць у Санкт-Пецярбургу / Ілюстратыўнае фота
Раніцай 5 жніўня ў Санкт-Пецярбургу згарэў яшчэ адзін пасажырскі аўтобус МАЗ. Гэта ўжо трэці беларускі аўтобус, які гарыць у Пецярбурзе з пачатку лета.
Сігнал пра тое, што ў Петрадварцовым раёне Санкт-Пецярбурга гарыць аўтобус, мясцовае ўпраўленне МНС атрымала ў 06:02. Праз 20 хвілін пажар быў патушаны. Ніхто не пацярпеў, але "аўтобус маркі "МАЗ" выгарэў па ўсёй плошчы", — паведаміла прэс-служба ведамства.
СМІ удакладняюць, што загарэўся не новы газавы, а дызельны МАЗ, выпушчаны ў 2019 годзе. Такія аўтобусы, як гэты, пафарбаваныя ў блакітны, пецябруржцы называюць сацыяльнымі. Цяпер у горадзе іх баяцца, бо, па-першае, яны гараць, а па-другое, у іх часта не працуюць валідатары і кандыцыянеры.
Планавалася, што да 1 ліпеня 2020 года Санкт-Пецярбург закупіць каля 900 аўтобусаў МАЗ. Аднак расійская кампанія-перавозчык "Дамтрансаўта", якая абслугоўвае некалькі маршрутаў у Санкт-Пецярбургу, пасля другога пажару зняла з маршрутаў гэтыя аўтобусы і адправіла ўсю партыю на экспертызу.
Ужо вядома, што прычынай аднаго з пажараў стала тое, што ў МАЗе заходнія камплектуючыя "імпартазамясцілі" на "аналагічныя па тэхнічных характарыстыках" айчынныя. Якія апынуліся не зусім аналагічнымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.