У Шчучыне адзначылі Дзень беларускага пісьменства (фота)

У Шчучыне адзначылі Дзень беларускага пісьменства (фота)

Больш за тысячу як рэдкіх, так і папулярных кніг, газет, часопісаў, фатаграфій, рукапісаў і плакатаў змаглі ўбачыць беларусы на святкаванні Дня беларускага пісьменства. 22-е па ліку літаратурнае свята прыняў Шчучын 5-6 верасня.

Урачыстае адкрыццё фестывалю пісьменства адбылося 6 верасня. У гэты дзень у прысутнасці намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і міністраў інфармацыі, культуры і адукацыі пасля рэстаўрацыі адкрылі палац князёў Друцкіх–Любецкіх. Пасля экскурсіі па абноўленым будынку госці і ўдзельнікі свята прайшлі ўрачыстым шэсцем ад палаца да галоўнай сцэны. Менавіта тут ўручылi першую Нацыянальную літаратурную прэмію, якую сёлета атрымалі шэсць беларускіх аўтараў.

Акрамя ўрачыстай часткі госці свята даведаліся, на чым раней друкавалі кнігі і сушылі газеты, а таксама ўпершыню змаглі ўбачыць рэдкія выданні з прыватных калекцый. Акрамя таго, тут прэзентавалі новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў, а таксама прыхільнікі змаглі асабіста пазнаёміцца ​​з сучаснымі аўтарамі.

Моладзь на Дні пісьменства таксама не сумавала. Каля палаца з тэатралізаваным паказам выступілі рыцарскія клубы і ансамблі сярэднявечнай музыкі і танцаў, а на моладзевай пляцоўцы — танцоры брэйкдэнс, хіп–хоп і іншых напрамкаў. Увесь дзень на свяце працаваў горад майстроў, праходзілі розныя майстар-класы, напрыклад, па вышынанцы, а таксама конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы.

Завершыўся Дзень беларускага пісьменства канцэртам і феерверкам. Наступнае літаратурнае свята праз год пройдзе ў Рагачове.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі