У Смаргоні затрымалі дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе
Дзяніс Лобан
У Смаргоні затрымалі дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе Дзяніса Лобана. Яго асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту за падпіску на беларускае спартыўнае выданне Tribuna.com у Instagram, паведамляе Hrodna.life.
Справу Лобана суд Смаргонскага раёна разглядаў 17 студзеня. Мужчына прызнаў віну, і гэта палічылі "змякчальнай акалічнасцю". Суд прызначыў арышт з канфіскацыяй тэлефона, у якім знайшлі прадукцыю "экстрэмісцкай" суполкі і яе лагатып.
Дзяніс Лобан — ураджэнец Магілёва, у Смаргоні жыве з 1992 года. Мае дзве спецыяльнасці — юрыст і менеджар у арганізацыі фізічнай культуры і спорту. Тры гады працаваў інструктарам-метадыстам у цэнтры фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы, а з кастрычніка 2023-га ўзначальвае ДЮСШ па футболе. Як піша раённая газета, у Лобана самая шматлікая спартыўная секцыя ў горадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.