У снежні-студзені чыноўнікі замовілі 50 машын на 8,6 мільярда рублёў
Валютныя праблемы не паўплывалі на жаданне чыноўнікаў абнаўляць аўтапарк. Колькасць тэндараў на закупку аўто не змяншаецца.
Крызіс і дэвальвацыя ніяк не паўплывалі на жаданне чыноўнікаў абнаўляць аўтапарк. Колькасць аб'яўленых тэндараў на закупку аўто за бюджэтныя грошы не змяншаецца ў параўнанні з мінулым годам.
Вось, да прыкладу, Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце хоча набыць 21 машыну на суму больш чым 4,6 мільярда рублёў. Пытанне, ці гатовыя яны ў крызіс зменшыць свае апетыты, тут ці то ігнаруюць ці то не разумеюць:
“Не, натуральна, не гатовыя адмовіцца. А навошта? Дамова на пастаўку ўжо падпісаная, — кажуць ў інспекцыі. Распавядаюць, што будуць набываць “УАЗ Патрыёт”, а не сабраны аўтамабіль у Беларусі . — Geely па балоце не пойдуць, яны возяць “партфелі” ў горадзе. А нас цікавяць балоты, бездарожжа, перамяшчэнні, так бы мовіць, у цяжкіх беларускіх умовах”.
Новы аўтамабіль набылі нядаўна для намесніка старшыні Жыткавіцкага райвыканкама — седан Geely за 150 мільёнаў. Згодна з планам, павінныя былі набыць два аўто, але атрымалася адно.
“У нас не было выбару: па-першае, аўто павіннае быць вырабленае ў Беларусі, а па-другое, мы дзве машыны хацелі, але нам трэба было аформіць і правесці ўсё ў канцы года, грошы апрыходаваць. Дзякуй богу, і так трохі абнавіліся. Аформілі паўмесяца таму. Кіроўца сказаў, добры аўтамабіль!” — радуюцца пакупцы ў Жыткавічах. Ну вось: патрэбна было дзве машыны, а набылі толькі адну — ужо эканомія!
Таксама машыну беларуска-кітайскага аўтапраму набылі і ў Бабыніцкім сельскім выканаўчым камітэце Віцебскай вобласці. Аддалі за яе 150 мільёнаў.
“Мы нават не чакалі такога падарунка! У нас былі 10-гадовыя “Жыгулі”, мы іх рамантавалі, ездзілі без тэхагляду і, натуральна, штрафы атрымлівалі за гэта. Рамонт абышоўся б у палову кошту Geely”, — радуюцца ў сельвыканкаме. Пасля пытання, ці маглі б яны пражыць без аўтамабіля ў крызісны год, хвалююцца: “Без аўто нам ніяк нельга! У нас 39 населеных пунктаў, і трэба наведваць іх штомесяц, а аўтобус ходзіць два разы на тыдзень! Без аўто ніяк. Да таго ж чым далей, тым даражэй! Машыну мы набылі за 150 мільёнаў, а яна ўжо 180 мільёнаў каштуе”.
Баранавіцкі райвыканкам таксама збіраўся набыць новы Geely за 139 мільёнаў, нават аб'явіў тэндар, але нічога не атрымалася.
“Грошыкаў мала ў бюджэце — толькі на неадкладныя пакупкі засталося, таму адмянілі закупку, — тлумачаць у Баранавіцкім райвыканкаме. — Магчыма, праз паўгода толькі абвесцім новы тэндар”.
Валявым рашэннем адмаўляецца ад аўто і Брэсцкі аблвыканкам, пра гэта распавядае Еўрарадыё Аляксей Белабееў, кіраўнік справамі аблвыканкама. Тут хацелі набыць аўто за 344 мільёны, марылі пра Volkswagen. Але не атрымалася, бо няма грошай.
“Не набываем. Ужо гэтае пытанне закрытае, бо няма грошай. Нічога не будзем набываць, пакуль крызіс, усе тэндары закрылі”, — гавораць у Брэсце. Але, як высвятляецца, тэндар не адбыўся, бо ніхто на яго не адгукнуўся.
Цікава, што многія тэндары чыноўнікі абвясцілі напярэдадні ўзнікнення валютных праблем — з 9 па 17 снежня мінулага года. Калі беларусы стаялі ў чэргах ля абменнікаў, чыноўнікі спяшаліся замовіць аўто па старых цэнах. Але і сёлета службоўцы працягнулі замаўляць аўтамабілі, аўтамабільнае паліва, запчасткі і паслугі мыйкі для машын. Прычым замаўляюць не толькі айчынныя Geely, але і імпартныя аўтамабілі: Toyota Camry (замовіў Астравецкі райвыканкам), Volkswagen CARAVELLE LR TDI (Палац Рэспублікі), Volkswagen Caddy Maxi Kombi (РУП “Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах”), SKODA Oсtavia Eliegance (Інспекцыя Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам) і гэтак далей.
Дарэчы, карыстальнікі інтэрнэта нават абвясцілі петыцыю — “Перасадзім беларускіх чыноўнікаў на айчынныя аўто”. Пад петыцыяй ужо падпісалася больш за 13 тысяч чалавек!