У статусе касманаўта РБ ёсць пункт пра "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці"

Марына Васілеўская

Марына Васілеўская / sb.by

У статусе беларускага касманаўта ёсць пункт пра "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці". Калі яго прызнаюць вінаватым у іх здзяйсненні, то могуць пазбавіць льгот. Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ 19 сакавіка, у пятніцу дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Статус касманаўта РБ атрымлівае грамадзянін РБ, які здзяйсняе касмічны палёт. Да яго цяпер рыхтуецца Марына Васілеўская (паўторны старт запланаваны на 23 сакавіка). Таксама статус атрымлівае дублёр. У Васілеўскай гэта Анастасія Лянкова. Яны атрымаюць не толькі ільготы і прэферэнцыі, але на іх накладаюцца пэўныя абавязкі і абмежаванні.

Касманаўты павінны "ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы", удзельнічаць у "грамадскім жыцці", "не дапускаць дзеянняў, якія дыскрэдытуюць статус касманаўта Рэспублікі Беларусь". Без дазволу кіраўніка дзяржавы яны не маюць права прымаць замежныя ўзнагароды і льготы. Інакш страцяць льготы, якія ім гарантуюць на радзіме. Гэта ж пагражае за згаданае ўжо "экстрэмісцкае" злачынства ці цяжкае, альбо асабліва цяжкае злачынства, за ўдзел у "несанкцыянаваных мерапрыемствах", распаўсюд і прапаганду "экстрэмісцкай прадукцыі", нацысцкай сімволікі.

Атрымліваецца, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі папярэджвае касманаўтаў пра наступствы, калі яны стануць пад бел-чырвона-белыя сцягі, як гэта зрабіў у 1991-м касманаўт Уладзімір Кавалёнак (на фота ніжэй).

У статусе касманаўта РБ ёсць пункт пра "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці"
vk.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі