У суботу ў Беларусі пачнецца пахаладанне, цяпло вернецца на Дзень Волі
Халоднае паветра перасунецца ў нашу краіну са Скандынавіі.
У Беларусі чакаецца чарговае пахаладанне. У пятніцу, 20 сакавіка, яшчэ захаваецца цёплае веснавое надвор'е, ападкаў не будзе. Аднак у суботу пахаладае. Тэмпература паветра 21 і 22 сакавіка ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 3 градусаў, удзень — ад 2 да 9 градусаў вышэй за нуль. Чакаецца дождж і мокры снег.
Такія ўмовы надвор'я захаваюцца і ў пачатку наступнага тыдня. У панядзелак у начныя гадзіны будзе ад 4 да 10 марозу, месцамі — да 13 градусаў ніжэй за нуль, удзень — ад 0 да плюс 5 градусаў, месцамі — да 7 цяпла.
Як інфармуе БЕЛТА, пацяпленне пачнецца толькі ў сераду, 25 сакавіка (на Дзень Волі). Уначы будзе ад мінус 3 да плюс 3, удзень — 5-12 цяпла, прагназуюцца кароткачасовыя дажджы.
Фота: Fotolia