У Светлагорску спецназ штурмам узяў дом наркагандляра
У Светлагорску Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 51-гадовага мясцовага жыхара. Мужчыну вінавацяць у незаконным абароце наркотыкаў.
Як паведамляе прэс-служба гомельскай міліцыі, праваахоўнікі працяглы час займаліся аператыўнай распрацоўкай наркагандляра. Выявілася, што ў сваім доме ён прадаваў асабліва небяспечныя наркотыкі.
Міліцыянты правялі кантрольную закупку і правялі затрыманне. Паведамляецца, што светлагорца затрымалі падчас збыту палімерных скруткаў з карфентанілам.
Агулам у доме знайшлі 18 грамаў небяспечнага наркотыку. Гэта лічыцца асабліва буйным памерам. Частка наркотыку была расфасаваная ў палімерныя пакеты і падрыхтаваная да продажу.
Мужчыну выставілі абвінавачванне і ўзялі пад варту.