У Варшаве праходзіць вялікі марш — што варта ведаць беларусам?
Акцыя ў Варшаве / Wyborcza
У нядзелю 4 чэрвеня ў сталіцы Польшчы Варшаве праходзіць вялікі марш. У ім удзельнічаюць тысячы чалавек, а ў цэнтры працуюць каля 4 тысяч паліцэйскіх.
У Варшаве жыве шмат беларусаў, таму варта нагадаць, асабліва калі вы плануеце выходзіць сёння ў цэнтр, што з сабой абавязкова трэба мець дакументы: “карту побыту” ці пашпарт.
Каб не было праблем з паліцэйскімі, праверце, ці няма з сабой рэчаў, якія могуць выклікаць у іх пытанні: напрыклад, сцізорыка. Марш запланаваны як мірны, але на ўсялякі выпадак пастарайцеся пазбягаць натоўпу.
Таксама памятайце, што праз вялікую колькасць удзельнікаў марша будзе змяняцца рух грамадскага наземнага транспарту, асабліва ў цэнтры. Складанасці могуць быць і ў метро — плануйце свае маршруты з улікам гэтага.
Што за марш?
Апазіцыя пратэстуе супраць новага закона аб барацьбе з “расійскім уплывам”, праз які, як асцерагаюцца праціўнікі кіруючай партыі, улады змогуць не дапускаць да выбараў частку кандыдатаў, найперш — лідара “Грамадзянскай платформы” і былога прэм’ера Дональда Туска, які і арганізаваў марш.
Дату 4 чэрвеня абралі спецыяльна — менавіта ў гэты дзень у 1989-м адбыліся першыя пасля Другой сусветнай часткова свабодныя выбары, чаго ў той час дамаглася “Салідарнасць”. Лідар арганізацыі, Лех Валенса, таксама далучыўся да маршу ў гэтую нядзелю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.